Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

БАЖ: Надвор’е і спорт цікавяць беларускія СМІ больш за выбары

26 ліпеня БАЖ прэзентавала вынікі першага этапу маніторынга асвятлення парламенцкіх выбараў у беларускіх СМІ.

Маніторынг праводзіўся цягам 20 дзён і ахопліваў 18 беларускіх медыя: дзяржаўных і недзяржаўных, электронных і друкаваных, агульнанацыянальных і рэгіянальных.

Эксперт БАЖ Алесь Анціпенка адзначыў, што па меркаваннях старшыні місіі назіральнікаў ад краін СДН Сяргея Лебедзева “на дадзены момант кампанія ацэньваецца як спакойная”. І дадаў, што дзяржаўныя СМІ прыкладаюць ўсе намаганні, каб выбарчы працэс і надалей праходзіў у такім рэжыме.

Эксперт БАЖ Алесь Анціпенка (фота Радыё

Алесь Анціпенка падкрэсліў наступныя асаблівасці “спакойнасці” выбараў у беларускай рэчаіснасці:

  • Непрапарцыйнае размеркаванне часу, прысвечанага выбарчаму працэсу (каля 1,8%), надвор’ю (каля 5%) і спорту (каля 20%) на беларускіх тэлеканалах і радыёэфіры.

  • У цэнтры ўвагі дзяржаўных медыя не галоўныя дзеячыя асобы (патэнцыйныя кандыдаты ў дэпутаты), а іншыя структуры, якія займаюцца арганізацыяй выбарчага працэса. Галоўнай дзеячай асобай дастаткова доўгі час застаецца ЦВК, а таксама акруговыя камісіі. Інфармацыя, якая сыходзіць ад ЦВК і камісій іншага ўзроўню з’яўляецца альбо тэхнічнай, альбо арганізацыйнай.

  • Увага да патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў вагалася ад 5 да 15% ад агульнага часу, адведзенага на асвятленне выбараў. Калі нічога не казаць канкрэтна пра тыя палітычныя партыя і пратэндэнтаў, якія збіраюцца актыўна ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі, то гэта таксама будзе спрыяць правядзенню “спакойных” выбараў.
  • Не адбываецца належнага інфармавання выбаршчыкаў пра будучых удзельнікаў парламенцкіх выбараў. Амаль ніякіх прозвішчаў немагчыма даведацца, за выключэнняў тых выпадкаў, калі дзяржаўныя медыі займаюцца прасоўваннем праўладных кандыдатаў. Такім чынам, дамінуе дэперсаніфікаваная манера рэпрэзентацыі ўдзельнікаў выбарчага працэса.

Для яскравага прыкладу можно прывесці праграму “Галоўны эфір” тэлеканала “Беларусь-1”, у якой цягам 5 хвілін і 7 секунд расказвалася пра выбарчую кампанію амерыканскага кандыдата ў прэзідэнты Дэвіда Трампа. І ўсяго тры секунды было ўзгадана пра выбарчую кампанію, якая праходзіць у Беларусі.

Цікавым фактам эксперты БАЖ адзначаюць і тое, што цыкл правядзення парламенцкіх выбараў супадае з цыклам правядзення летніх алімпійскій гульняў у Бразіліі: на гэты раз значная частка актыўнай фазы выбарчай кампаніі супадае з трансляцыяй алімпійскіх гульняў. Гэта першы выпадак, калі агітацыйную кампанію не разводзяць па часе з трансляцыямі гульняў.

У сваю чаргу, недзяржаўныя медыя (TUT.by і “Народная воля”) імкнуліся падаваць персаніфікаваную карціну выбарчага працэсу: выданні распавялі пра 6 і 8 асобаў, якія імкнуцца актыўна ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі, суадносна. Увага была нададзена суразмерна паміж прэтэндэнтамі ў кандыдаты і іншымі структурамі выбарчага працэсу. Выданні пазбягалі тэхнічнай інфармацыі.

Іншыя маніторынгавыя недзяржаўныя друкаваныя выданні не выявілі на гэтым этапе сур’ёзнай увагі да выбарчай кампаніі.

Эксперты БАЖ прыходяць да высновы, што сёлетняя выбарчая кампанія мае быць яшчэ больш “непрыкметнай”. Галоўнымі яе прамоўтарамі, найверагодней, будуць не палітычныя партыі ці сілы, а ЦВК, выбарчыя камісіі ды іншыя дзяржаўныя ўстановы.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары