Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Праваабаронцы: «За прэтэндэнтаў у кандыдаты ад улады ўжо вядзецца агітацыя»

Артыкулы пра дзяржаўных вылучэнцаў прэтэндэнтамі ў кандыдаты ў абласной газэце «ГП» падчас збору подпісаў
Артыкулы пра дзяржаўных вылучэнцаў прэтэндэнтамі ў кандыдаты ў абласной газэце «ГП» падчас збору подпісаў

Назіральнікі кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” і прэтэндэнты ў кандыдаты ад дэмакратычных партый у Гародні фіксуюць няроўныя ўмовы ў выбарчай кампаніі нават на этапе збору подпісаў, пра што распавялі Свабодзе.

Праваабаронца “Гарадзенскай Вясны” Віктар Сазонаў звярнуўся ў абласную тэрытарыяльную камісію са скаргай на газету Гарадзенскага раёну «Перспектива». Праваабаронца сцвярджае, што, як і раней, на этапе збору подпісаў у дзяржаўнай прэсе электарат рыхтуюць да запланаваных вынікаў выбараў.

Віктар Сазонаў

Сазонаў цытуе радкі з «Перспективы» № 54 ад 20 ліпеня 2016 году. Аўтар Вадзім Ялфімаў у артыкуле «Кто идет?» ужо цяпер робіць высновы пра вынікі выбараў і заранёў агучвае тое, як апазіцыя, прайграўшы, будзе на гэтыя вынікі рэагаваць. Цытата з газеты: «...Впрочем, найдутся, как всегда, и такие из них, кто свой проигрыш опять спишут на пресловутый административный ресурс...».

Гэта, паводле Сазонава, ужо нават не прыхаваная апрацоўка выбарцаў, а папросту прымітыўная і непрыхаваная. Хаця, паводле яго, у пастанове ЦВК №22 прадугледжаны пералік пытанняў, якія павінны публікаваць мясцовыя газеты падчас выбарчай кампаніі.

― У артыкуле ў прынцыпе шмат рэчаў, якія пярэчаць выбарчаму заканадаўству. Але вось у гэтым выпадку яскрава падрыхтоўваецца грамадская думка, якая павінна будзе не зважаць на фальсіфікацыі выбараў. Маўляў, «знойдуцца і такія, хто спіша свой пройгрыш...». Але яшчэ нават няма кандыдатаў у дэпутаты, а чалавек ужо нібыта ведае хто яны, а можа яшчэ і прозвішчы гэтых людзей назаве, хто будзе спісваць сваю паразу на адміністрацыйны рэсурс? Задача газеты на гэтым этапе - аб’ектыўна асвятляць хаду выбарчай кампаніі, а не агітаваць выбарцаў за тое, што «знойдуцца такія». Атрымліваецца, што пэўную катэгорыю прэтэндэнтаў у кандыдаты можна ўжо сёння запісваць у шулеры, якія знарок збіраюцца муціць ваду пасля выбараў?

Праваабаронца БХК Раман Юргель паказвае раздрукоўкі з абласной газеты «Гродзенская праўда» і задаецца пытаннем — чаму падчас выбарчай кампаніі з'яўляюцца артыкулы і інтэрв’ю з праўладнымі прэтэндэнтамі ў кандыдаты, а пра апазіцыю і беспартыйных ніхто не піша?

Раман Юргель

― Ну вось нумар ад 22.07.2016. У ім змешчана інтэрв'ю з кіраўніком абласной арганізацыі прафсаюзаў дзяржаўных і іншых устаноў Валерыем Саўко з нагоды 60-годдзя прафсаюзу. Саўко з'яўляецца вылучэнцам па выбарчай акрузе № 49 у Шчучынскім і Мастоўскім раёнах. За яго вядзецца збор подпісаў, і я так думаю, што ён будзе вылучацца і ад працоўнага калектыву. Гэта ягонае права. Але чаму рэдакцыя, ведаючы пра тое, што Саўко вылучыўся ў кандыдаты, бярэ інтэрв'ю ў яго, а не напісала пра 60 гадоў жыцця гэтага самага прафсаюзу, ягоную дзейнасць, дасягненні і, калі хочаце, недахопы? Гэта яўнае парушэнне выбарчага заканадаўства і яскрава сведчыць аб тым, што ўдзельнікі выбарчай кампаніі на дадзеным этапе выбараў знаходзяцца ў няроўных умовах.

Публікацыя ў «ГП» пра Валерыя Саўко

Публікацыя ў «ГП» пра кіраўніка Гарадзенскай абласной арганізацыі прафсаюзаў дзяржаўных і іншых устаноў Валерыя Саўко

Юргель прыводзіць чарговы прыклад публікацыі з дзяржаўнай газеты «ГП», дзе змешчаны артыкул пра дзеючага дэпутата Тамару Даўгашэй, якая спрабуе вылучацца і сёлета ў парламент па акрузе № 52 у Горадні.

У нумары ад 12.07.2016 размова вядзецца нібыта пра кардыялагічны цэнтр, галоўным урачом якога з'яўляецца Даўгашэй і чамусьці «пра высокія дасягненні» распавядае менавіта Тамара Даўгашэй.

Публікацыя ў «ГП» пра Тамару Даўгашэй

Публікацыя ў «ГП» пра галоўнага ўрача Гарадзенскага кардыялагічнага цэнтра Тамару Даўгашэй

― Ніколі і нічога не маю супраць лекараў, але падчас выбарчай кампаніі і лекары становяцца ў роўныя ўмовы з тымі, хто пачынае збіраць подпісы за вылучэнне іх кандыдатамі. Дарэчы, дзеючыя дэпутаты парламенту павінны гэта ведаць лепш за астатніх.

Раман Юргель зафіксаваў яшчэ тры публікацыі абласной газеты, дзе змешчаны матэрыялы пра праўладных вылучэнцаў. У прыватнасці там фігуруе прозвішча Ліліі Кір’як, дырэктара школы № 13 Горадні, якая імкнецца вылучыцца па Гарадзенскай-Цэнтральнай выбарчай акрузе № 51. Дзеючая дэпутатка Ала Сопікава, ініцыятыўная група якой збірае подпісы за яе ў Слонімскім і Зэльвенскім раёнах, ― таксама на старонках «ГП».

Публікацыя ў «ГП» пра Алу Сопікаву

Публікацыя ў «ГП» пра Алу Сопікаву, дзеючую дэпутатку Палаты прадстаўнікоў

Публікацыя ў «ГП» пра Лілію Кір’як

Публікацыя ў «ГП» пра Лілію Кір’як, дырэктара школы № 13 Горадні

Да гэтай кампаніі Юргель далучыў і дырэктара Скідзельскага дзяржаўнага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэю, артыкул пра якога ў «ГП» з'явіўся 23.07.2016. Сяргей Літвін імкнецца стаць кандыдатам у Гарадзенскай сельскай выбарчай акрузе № 53. А на старонках газеты ён нібыта дзеліцца перадавым вопытам рабочых спецыяльнасцяў.

Публікацыя ў «ГП» пра Сяргея Літвіна

Публікацыя ў «ГП» пра дырэктара Скідзельскага дзяржаўнага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэю Сяргея Літвіна

Праваабаронца лічыць, што ва ўсіх выпадках незаконна выкарыстаны адміністрацыйны рэсурс з парушэннем часткі 16 артыкула 13 Выбарчага кодэксу РБ.

У Зэльвенскім раёне мясцовая дзяржаўная газета на сваіх старонках асвятляла збор подпісаў толькі дзеючай дэпутаткі Алы Сопікавай. Прадстаўнік ад БНФ Іван Шэга звярнуўся з лістом у рэдакцыю і запытаўся — чаму на старонках газеты нічога не пішуць пра ягоную ініцыятыўную групу, якая таксама збірала подпісы за вылучэнне яго кандыдатам у Зэльвенскім раёне. Атрымаў адказ:

«Паважаны Іван Іванавіч! На ваш зварот паведамляем, што публікацыі ў газеце "Праца” аб дзейнасці вашай ініцыятыўнай групы адсутнічаюць па прычыне таго, што Вы не праінфармавалі нас аб правядзенні пікетаў па зборы подпісаў. Рэдакцыя Зэльвенскай раённай газеты "Праца” гатова да супрацоўніцтва».

― У прынцыпе нічога новага, усё як заўсёды. Праўда, я пакуль не кандыдат і таму ніякіх прэтэнзій не выказваю. А далей будзем глядзець, як і наколькі наша раённая прэса дасведчаная, - сказаў на гэта Іван Шэга Свабодзе.


Каментары