Жодзіна: для выбарчай акругі №64 узгодненыя ўсе абмежаванні па агітацыі
22 ліпеня ў Жодзіне адбылося чацвёртае паседжанне акруговай выбарчай камісіі Жодзінскай выбарчай акругі №64 па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання.
На ім прысутнічала 10 сябраў камісіі і незалежны назіральнік ад кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Аляксей Лапіцкі.
Як паведамляе сайт licviny.info, за 55 хвілінаў працы камісія разглядзела запланаваныя ў парадку дня пытанні, а кіраўніцтва (у “імправізаваным розным”, бо такога пункту ў парадку дня камісія не практыкуе) адказала на некаторыя пытаньні назіральніка, звязаныя з канкрэтнымі фактамі і працэсам вылучэння розных прэтэндэнтаў у кандыдаты на парламентскія выбары.
У выніку для пратакола былі узгодненыя ўсе прадстаўленні Жодзінскага гарвыканкаму, Барысаўскага й Смалявіцкага райвыканкамаў па:
- вызначэнні месцаў для правядзення ў паведамляльным парадку масавых мерапрыемстваў(сходаў па-за памяшканнямі, мітынгаў, пікетаванняў), якія дазваляецца арганізоўваць кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, іх давераным асобам;
- вылучэнні месц, якія найбольш наведваюцца грамадзянамі, для размяшчэння агітацыйных друкаваных матэрыялаў;
- вызначэнні памяшканняў для правядзення сустрэч кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, іх давераных асобаў з выбарнікамі, а таксама для перадвыбарчых сходаў, якія арганізуюцца выбарнікамі.
Пасля паседжання і напрыканцы працоўнага дня інфармацыі пра месца і час правядзення наступнага паседжання Жодзінскага выканкаму для зацьверджання ўзгодненых прадстаўленняў камісіі на адпаведнай старонцы выканкаму пакуль не з'явілася.
У агульных рысах, пры адсутнасці апублікаваных дакументаў, якія разглядаліся і былі зацверджаныя АВК №64, можна адзначыць, што пры агітацыі ў Жодзіне нельга будзе падыходзіць з пікетамі бліжэй за 50 метраў практычна да ўсіх традыцыйна ўзгадваемых у такіх выпадках аб’ектаў, а таксама дадаткова - да прыпынкаў транспарту ды прахадных буйных прадпрыемстваў.
З памяшканняў, дзе дазваляецца праводзіць сутрэчы з выбарнікамі ў Жодзіне, выкрэслена зручнае і скарыстоўваемае раней ўсімі кандыдатамі месца - зала кінатэатру “Равеснік”.
Агітацыйную прадукцыю, як і раней, без уліку існуючых з гэтым праблемаў (асабліва ў незалежных кандыдатаў) дазваляецца размяшчаць толькі на наяўных вулічных інфармацыйных стэндах ды інфармацыйных дошках абвестак УВК, крамаў і арганізацыяў.
Падрыхтаваў Алесь ЛЕТА,
Lićviny-INFA