Асвятленне ходу выбарчай кампаніі ў раёнках – выбіральнае
Дзяржаўныя раёнкі выкарыстоўваюць прыхаваную агітацыю і асвятляюць вылучэнне толькі праўладных прэтэндэнтаў у кандыдаты.
Напрыклад, Бярозаўская раённая газета “Маяк” за 20 ліпеня як постфактум на першай старонцы з вялікім здымкам змясціла матэрыял пра сустрэчу старшыні Івацэвіцкага райвыканкама Анатоля Ткачука, які балатуецца па Івацэвіцкай выбарчай акрузе №11, з ветэранамі. Размова ішла пра святкаванне Дня вызвалення раёна падчас Другой сусветнай вайны. Свята праходзіла каля мемарыяла “Здзітаўская абарона” і ва ўрошчы Дубкі. Пікетаў ініцыятыўнай групы А.Ткачука па зборы подпісаў у раёне не назіралася, ад “дзвярэй да дзвярэй” збору подпісаў не зафіксавана.
На Кобрышчыне раёнка “Кобрынскі веснік” за 23 ліпеня на першай старонцы размясціла інфармацыю пра пікет па зборы подпісаў за вылучэнне Васіля Дземідовіча. Паводле іншага прэтэндэнта ў кандыдаты па той жа акрузе Аляксандра Меха, ён ладзіць пікеты кожны дзень і працяглы ўжо час, журналісты раёнкі яго пікетаў не бачаць.