Газета Магілёўскага гарвыканкама асвятляе вылучэнне толькі аднаго прэтэндэнта ў парламент
Апошні нумар "Весніка Магілёва" ад 20 ліпеня распавядае аб станоўчых якасцях і вылучэнні ў кандыдаты галоўнага ўрача Магілёўскай цэнтральнай паліклінікі Аляксандра Старавойтава. Пра іншых прэтэндэнтаў мовы няма.
Гэтым разам выбарчай кампаніі газета Магілёўскага гарвыканкама прысвяціла некалькі артыкулаў пад рубрыкай "Выборы-2016". Значная частка газетнай паласы адведзена пад расповяд аб ходзе кампаніі, якім яго бачыць кіраўніцтва Магілёўскай абласной камісіі па выбарах, правёўшае адмысловую прэс-канферэнцыю. Як працяг выбарчай тэматыкі там жа размешчаны артыкул пра вылучэнне Аляксандра Старавойтава кандыдатам у Палату прадстаўнікоў. Прычым назва артыкула не пакідае сумневаў, што галоўны ўрач цэнтральнай паліклінікі будзе зарэгістраваны ў якасці кадыдата - "Главный врач Могилева идет в парламент". Ні журналістку Алу Балоціну, ні рэдакцыю газеты не засмуціла тое, што Старавойтаў, хоць тэарэтычна, але можа не пайсці ў парламент, калі не будзе зарэгістраваны.
Змест артыкула у большасці прысвечаны расповяду аб станоўчых якасцях галоўнага магілёўскага медыка. "Александр Геннадьевич считает медицину лучшей профессией на земле, в которой видел себя с самого детства. С одной стороны, национальное собрание потребует отрыва от любимого Могилева и любимой работы, но, как считает Старовойтов, существует масса вопросов, которые невозможно решить на городском или даже областном уровне. А в случае, если Александра Геннадьевича изберут, он обещает приложить все силы для их решения", - распавядае пра абяцанні яшчэ не кандыдата афіцыйная прэса.
Для надання большай значнасці фігуры Старавойтава як прэтэндэнта ў парламент у артыкуле вуснамі яго намесніцы расхвальваецца медыцынская установа, якую ён узначальвае. "Наше учреждение здравоохранения является ведущим учреждением в городе. И я считаю, что наш коллектив должен активно включится в предвыборный процесс. Мы делаем ставку на представителя социальной сферы. Будущего кандидата в депутаты мы видим исключительным профессионалом в своем деле", - цытуе Алену Васкрасенскую "Веснік Магілёва". У артыкуле таксама адзначаецца, што за вылучэнне Старавойтва выступілі прадстаўнікі ветэранскай арганізацыі, БРСМ, работнікі падведамасных устаноў. Уласна вылучэнне адбылося адкрытым галасаванне пры адзінагалоснай падтрымцы Старавойтава, указваецца ў артыкуле.
Расповяд пра вылучэнне Старавойтава ёсць пакуль адзінай інфармацыяй падобнага кшталту. Ні "Веснік Магілёва", ні іншыя магілёўскія газеты не паведамляюць пра вылучэнне іншых прэтэндэнтаў у кандыдаты.