Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Дзе ВК няроўна дзеліць?

Валянцін Стэфановіч, "Праваабаронцы за свабодныя выбары". Фота: svaboda.org
Валянцін Стэфановіч, "Праваабаронцы за свабодныя выбары". Фота: svaboda.org

Эксперт кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Валянцін Стэфановіч у ліставанні са старшынёй ЦВК Лідзіяй Ярмошынай дыскутаваў па пытанні фінансавых магчымасцяў прэтэндэнтаў у кандыдаты. Пытанне ўтыкаецца ў неабходнасць зменаў у заканадаўстве.  

Назіральнікі кампаніі з розных гарадоў Беларусі звярнулі ўвагу, што падчас збору подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты ініцыятыўныя групы на пікетах актыўна выкарыстоўваюць, напрыклад, банеры з партрэтамі сваіх вылучэнцаў, выраб якіх, відавочна, патрабуе пэўных матэрыяльных выдаткаў. І тут паўстала пытанне пра парушэнне роўнасці паміж прэтэндэнтамі ў кандыдаты. На думку назіральнікаў, тыя з вылучэнцаў, хто зараз на пікетах скарыстоўваюць больш заўважную візуальную прадукцыю, будуць скарытоўваць яе ж і ў далейшым - на этапе агітацыі, калі пройдуць рэгістрацыю кандыдатамі. У гэтай сітуацыі назіральнікі бачаць стварэнне магчымасці для непразрыстага фінансавання далейшых агітацыйных кампаній кандыдатаў. 

Пікет па зборы подпісаў за Аляксея Сокала ў МінскуЯк прыклад назіральнікі прыводзяць пікет ініцыятыўнай групы Аляксея Сокала ў Мінску на плошчы Калініна

Што на гэты конт кажа Выбарчы кодэкс? Пытанне выдаткаў па правядзенні выбараў рэгулюе артыкул 48 ВК. Частка 10 названага артыкула забараняе вылучэнцам у кандыдаты ў дэпутаты выкарыстоўваць грашовыя сродкі ці іншую матэрыяльную дапамогу толькі ў выпадках, пералічаных у частцы 9 гэтага ж артыкула – то бок, замежнай матэрыяльнай і іншай дапамогі. Ніякіх іншых абмежаванняў для вылучэнцаў у выкарыстанні матэрыяльнай і іншай дапамогі ад палітычных партый, грамадскіх аб’яднанняў, грамадзянаў ці асабістых сродкаў на этапе збору подпісаў ВК не ўтрымлівае. Але пры гэтым усе аб’яднанні і грамадзяне Беларусі могуць уносіць свае грашовыя сродкі толькі ў ствараемы ЦВК пазабюджэтны фонд, паколькі, у адрозненні ад прэзідэнцкіх выбараў, асобы, якія прэтэндуюць на дэпутацкі мандат, маюць права засноўваць спецыяльны выбарчы фонд толькі з моманту рэгістрацыі кандыдатам у дэпутаты, то бок на ранейшым этапе яны не могуць аплочаваць выдаткі, звязаныя са зборам подпісаў за сваё вылучэнне.    

Паколькі ў Выбарчым кодэксе няма дакладна сфармуляванага парадку выкарыстання матэрыяльных сродкаў асобамі, якія вылучаюцца ў кандыдаты, эксперт кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Валянцін Стэфановіч звярнуўся ў ЦВК з просьбай патлумачыць палажэнні Выбарчага кодэкса пра парадак выкарыстання матэрыяльных сродкаў для вырабу інфармацыйных матэрыялаў на этапе збору подпісаў ініцыятыўнымі групамі, а таксама пра магчымасць далейшага выкарыстання гэтых матэрыялаў пры правядзенні агітацыі кандыдатамі ў дэпутаты.

У адказе на зварот праваабаронцы старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына пагадзілася з тым, што вышэйназваныя пытанні не цалкам урэгуляваныя  нарматыўна, і адзначыла, што Цэнтральная камісія не мае паўнамоцтваў рэгламентаваць сваімі пастановамі пытанні да моманту іх вырашэння на заканадаўчым узроўні.

“У сваю чаргу расшырэнне заканадаўчага рэгулявання ў гэтай сферы патрабуе аналізу рэальных затрат на выраб інфармацыйных матэрыялаў, стэндаў, банераў, а таксама ступені ўплыву гэтага абсталявання на волевыяўленне выбаршчыкаў. Улічваючы, што такое абсталяванне прадастаўляецца ініцыятыўным групам, як правіла, грамадскімі аб’яднаннямі і на бязвыплатнай аснове, Цэнтральная камісія не мае якіх-небудзь звестак, што дазволілі б ёй зрабіць абгрунтаванае заключэнне”, - паведамляе старшыня Цэнтрвыбаркаму. 

У цэлым яна падкрэслівае, што “Цэнтральная камісія па пытанні збору подпісаў на пікетах прытрымліваецца пазіцыі спрашчэння гэтай працэдуры і скасавання штучных бар’ераў пры вылучэнні кандыдатаў шляхам збору подпісаў выбаршчыкаў”.

Адзначаючы задаволенасць скіраванасцю ЦВК на спрашчэнне працэдуры збору подпісаў на пікетах, павелічэнне колькасці месцаў для пікетавання і іншыя падобныя меры, Валянцін Стэфановіч выказвае здзіўленне тым, што Лідзія Ярмошына ў сваім адказе падкрэслівае, што абсталяванне для пікетаў перадаецца грамадскімі аб’яднаннямі на бязвыплатнай аснове. 

“Грамадскае аб’яднанне грамадскаму аб’яднанню няроўня. Адныя з іх фінансуюцца з дзяржбюджэту, іншыя – за кошт сяброўскіх унёскаў. Праз гэта магчымыя розныя ўмовы для тых, хто вылучаецца ў кандыдаты”, - кажа Валянцін Стэфановіч. – І мы рады, што ЦВК зараз ліберальная ў сваіх падыходах і не настойвае на ўрэгуляванасці збору подпісаў выбаршчыкаў у пікетах, але мы памятаем такія падыходы ЦВК, калі прэтэндэнту ў кандыдаты выносілася папярэджанне толькі за ламінаванне інфармацыйнага плакату, зробленую для таго, каб уберагчы плакат ад дажджу. Варта падкрэсліць, што ў гэтай частцы ў законе нічога не памянялася”.

З улікам усіх адзначаных фактаў, праваабаронца настойвае на неабходнасці ўрэгулявання ўзнятага ім пытання заканадаўчым органам:

“Дзеля забеспячэння роўнасці ўсіх асобаў, якія вылучаюцца ў якасці кандыдатаў, варта было б пашырыць правілы, уведзеныя для прэзідэнцкіх выбараў, і на парламенцкія кампаніі. Трэба, каб і прэтэндэнты ў кандыдаты ў дэпутаты атрымалі права засноўваць спецыяльны выбарчы фонд з моманту рэгістрацыі сваіх ініцыятыўных групаў, і каб інфармацыя пра гэтыя фонды была празрыстая – каб было бачна, хто пералічаў грошы ў гэтыя фонды і колькі”.

Паводле Стэфановіча, гэтае пытанне варта ставіць перад заканадаўчым органам – новым складам Палаты прадстаўнікоў беларускага парламента. Улады абяцаюць, што пасля бягучай выбарчай кампаніі вернуцца да пытання імплементацыі рэкамендацыяў Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЕ ў нацыянальнае заканадаўства ў галіне выбараў, нагадвае праваабаронца. 

Кампанія "Праваабаронцы за свабодныя выбары" з'яўляецца незалежнай і не ставіць мэтай падтрымку палітычных партый і якіх-небудзь палітычных дзеячоў. Увесь выбарчы працэс назіральнікі ацэньваюць выключна зыходзячы з прынцыпаў свабодных, дэмакратычных і празрыстых выбараў, пры якіх народ Беларусі можа ў поўнай меры рэалізаваць сваё канстытуцыйнае права на ўдзел у кіраванні сваёй краінай.


Каментары