Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

ЦВК лічыць правільнай забарону здымаць паседжанні акруговай камісіі

Назіральнік Сяргей Гоўша, якому сябры акруговай камісіі Баранавіцкай Заходняй выбарчай акругі №5 забаранілі карыстацца аўдыё-відэа тэхнікай падчас пасяджэнняў, атрымаў адказ на сваю скаргу ў ЦВК за подпісам Л. Ярмошынай. У адказе сказана: “ У артыкуле №13 Выбарчага кодэкса Рспублікі Беларусь змяшчаецца вычарпальны пералік паўнамоцтваў, якія прадастаўляюцца асобам, што з’яўляюцца назіральнікамі. Такім чынам, указанныя вамі дзеянні выходзяць за рамкі нарматыўных прадпісанняў вышэйзгаданага артыкула, таму Брэсцкая абласная выбарчая камісія правамерна ўказала вам на неабходнасць узгаднення з акруговай выбарчай камісіяй пытання аб вядзенні фотаздымкаў.”

Сяргей Гоўша не пагадзіўся з такім адказам ЦВК і накіраваў паўторную скаргу, у якой выказаў нязгоду з трактоўкай арт. №13 Выбарчага кодэкса Цэнтральнай камісіяй. На думку назіральніка, што не забаронена -  значыць, дазволена. Назіральнік указвае, што ў арт. 13 не сказана, што забараняецца выкарыстоўваць аўдыё-відэа тэхніку, а арт. 65 Канстытуцыі гаворыць, што падрыхтоўка да выбараў праводзіцца адкрыта і галосна.

С.Гоўша настойліва патрабуе ад ЦВК адмяніць незаконныя рашэнні акруговай камісіі, Брэсцкай абласной, якая падтрымала рашэнне акруговай, і папярэдняе рашэнне ЦВК.

Нагадаем, што сваё рашэнне аб забароне назіральніку здымаць паседжанні акруговая камісія абгрунтавала арт. 53 Канстытуцыі, у якім гаворыцца, што “кожны абавязаны паважаць годнасць, правы, свабоды, законныя інтарэсы іншых асоб.” Брэсцкая абласная камісія спаслалася наогул толькі на этычныя нормы.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары