Віцебск: ініцыятыўная група Васіля Чэкана збірае подпісы ў выбаршчыкаў, якія жывуць на іншай акрузе (фота)
Ірына Яскевіч, якая збіраецца вылучацца на кандыдата ў Віцебскай-Кастрычніцкай выбарчай акрузе №20, стала сведкам незвычайнага падыходу па збору подпісаў, які прадэманстравалі сябры ініцыятыўнай групы па вылучэнні Васіля Чэкана. Пікета па зборы подпісаў за дадзенага прэтэндэнта праводзіўся каля гандлёвага цэнтру “Марка-сіці”. Спадарыні, якія сядзелі за сталом, накрытым сцягам з літарамі БРСМ, самі распавялі ім сутнасьць свайго ноў-хаў.
«Васіля Чэкана, за якога збіралі подпісы дзяўчаты, у Віцебску добра ведаюць, ён досыць працяглы час быў кіраўніком віцебскага ўпраўлення МНС. І шмат хто адзываецца аб ім станоўча. Зараз ён пайшоў на падвышэнне, стаў начальнікам дэпартамента па матэрыяльных рэзервах МНС Беларусі. Збіраецца балатавацца па Віцебскай Чыгуначнай выбарчай акрузе №19. І я дужа здзівілася, калі мне, жыхарцы зусім іншай акругі, было прапанавана паставіць за яго подпіс. Дзяўчаты з падпіснымі аркушамі пачалі тлумачыць: “Мы бярэм подпісы ва ўсіх, яны ідуць у агульны залік, а ў залік Чэкану не ідуць”. Я спыталася: “Хіба ёсць нешта падобнае ў выбарчым заканадаўстве?”. Збіральніцы хорам адказалі: “Не, няма!” – распавяла Ірына Яскевіч, якая збіраецца вылучацца на кандыдата ў Віцебскай-Кастрычніцкай выбарчай акрузе №20.
Сябры ініцыятыўнай групы Васіля Чэкана паказалі Ірыне Яскевіч асобныя падпісныя аркушы, дзе падпісваюцца жыхары іншых акругаў. Навошта гэта робіцца? Дзяўчаты патлумачылі няўцямна:
“Мы не можам адмовіць выбаршчыку, калі ён жыве ў іншай акрузе, а хоча падпісацца за вылучэнне Васіля Чэкана. Бо выбаршчык “всегда прав”, як пакупнік у краме”.
Збіральніцы цвердзяць, што подпісы насельнікаў іншых акругаў не будуць здаваць у камісіі, калі пойдуць справаздачыцца за збор подпісаў за іхнага вылучэнца.
На дзеянні Наталлі Васільевай і Веранікі Уланчавай, збіральніц подпісаў за вылучэнне Васіля Чэкана, актывістка Таццяна Севярынец падала скаргі ў абласную пракуратуру і ў абласную выбарчую камісію.