Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Раёнкі Магілёўшчыны пачалі надаваць больш увагі выбарчай кампаніі

На інтэрнэт-сайтах раённых газет Магілёўскай вобласці нарэшце пачалі з’яўляцца матэрыялы, прысвечаныя маючым адбыцца выбарам дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання.

І хоць матэрыялы гэтыя, у асноўным, перадрукоўваюцца з БелТА і распавядаюць пра дзейнасць ЦВК, Магілёўскай абласной і акруговых камісій, аднак радуе ўжо тое, што раённыя выданні пачалі хоць штосьці пісаць пра парламенцкія выбары, бо яшчэ пару тыдняў таму перадвыбарчыя матэрыялы на большасці іх інтэрнэт-сайтаў папросту адсутнічалі. Таксама на інтэрнэт-сайтах большасці раённых газет Магілёўшчыны нарэшце з’явіліся адмысловыя банеры, прысвечаныя парламенцкім выбарам 2016 года.

Праўда, некаторыя газеты пад рубрыкай “Выбары-2016” чамусьці размяшчаюць інфармацыю пра “Усебеларускі народны сход” і пра “любімага” старшыню райвыканкама. У прыватнасці, менавіта так робіць на сваёй інтэрнэт-старонцы круглянская раённая газета “Сельскае жыццё”.

Неабходна таксама адзначыць, што інтэрнэт-сайты шэрагу раёнак Магілёўшчыны пачалі даваць інфармацыю аб зборы подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты. Некаторыя з гэтых матэрыялаў прама распавядаюць пра збор подпісаў за праўладных кандыдатаў актывістамі “Белай русі” і БРСМ. Такія артыкулы можна пабачыць на інтэрнэт-сайтах касцюковіцкай газеты “Голас Касцюкоўшчыны”, краснапольскай раёнкі “Чырвоны сцяг”, чэрыкаўскай газеты “Веснік Чэрыкаўшчыны”.

На інтэрнэт-сайтах глускай “Радзімы”, дрыбінскай “Савецкай вёскі”, і асіповіцкай раёнкі “Асіповіцкі край” падаецца, нібыта, нейтральная інфармацыя пра збор подпісаў за вылучэнне кандыдатаў на пікетах, аднак узгадваюцца чамусьці месцы, дзе праводзілі пікетаванне праўладныя кандыдаты.

Толькі інтэрнэт-сайт чавускай раённай газеты “Іскра” размясціў на сваіх старонках матэрыял пра пікеты па збору подпісаў за нібыта апазіцыйнага прэтэндэнта ў кандыдаты, намесніка старшыні ЛДПБ Анатоля Хішчанка. Яго канкурэнтамі на выбарах па Магілёўскай сельскай выбарчай акрузе №88, магчыма, будуць намесніца дырэктара Кадзінскай сярэдняй школы Наталля Тарасенка і старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі АГП Уладзімір Шанцаў, якія зарэгістравалі ініцыятыўныя групы ў падтрымку свайго вылучэння. Існуе верагоднасць, што па гэтай акрузе будуць вылучаны таксама кандыдаты ў дэпутаты ад ПБНФ і Беларускай партыі левых “Справядлівы свет”, аднак гэта пытанне пакуль не вырашана канчаткова.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары