Супадзенне ці змена падыходаў АВК да лозунгаў вылучэнцаў?
На гэтае пытанне праваабаронцаў наводзяць навіны з Баранавічаў, дзе акруговыя выбаркамы адмянілі свае папярэджанні прэтэндэнтам у кандыдаты “за агітацыю”.
Як паведамляюць мясцовыя назіральнікі кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”, акруговыя камісіі па Баранавіцкай-Заходняй акрузе №5 і Баранавіцкай-Усходняй акрузе №6 у адзін дзень адмянілі свае папярэджанні абодвум прэтэндэнтам у кандыдаты ў дэпутаты - Юрыю Казакевічу (за лозунг “Мы патрабуем пераменаў!” на ягго стэндзе) і Мікалаю Чарнавусу (за лозунг “Мільён працоўных месцаў” на майцы, у якой ён збіраў подпісы).
Пры гэтым цікава, што ніводнаму з іх у АВК уцямна нічога не патлумачылі наконт лозунгаў, да якіх раней меліся прэтэнзіі. На паседжанні камісіі Баранавіцкай-Заходняй акругі №5 пра надпіс на стэндзе Казакевіча не было сказана ні слова, а ў пісьмовым рашэнні камісіі Баранавіцкай-Усходняй акругі №6, якое выдалі Мікалаю Чарнавусу, прычынаў адмены папярэджання не ўказана. Прамаўчала і Брэсцкая абласная камісія, куды абодва вылучэнцы абскарджвалі папярэджанні. Таму, пакуль Мікалай Чарнавус чакае адказу на скаргу ў ЦВК з гэтай нагоды, пра прычыны можна толькі здагадвацца.
Не прамінем адзначыць пэўныя супадзенні. Папярэджанні баранавіцкімі АВК былі адмененыя 19 ліпеня. І менавіта ў гэты дзень эксперт кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Валянцін Стэфановіч, спрабуючы разабрацца ў падыходах АВК да падобных сітуацыяў з лозунгамі, накіраваў зварот у сталічную АВК Усходняй выбарчай акругі №107, на тэрыторыі якой збор подпісаў за вылучэнне кандыдатам у дэпутаты Аляксея Сокала праходзіць таксама пад лозунгам – але “беспакарана”. У гэтым звароце праваабаронца для параўнання і прывёў баранавіцкія выпадкі.
Пакуль Стэфановіч, які выступае за аднастайнае прымяненне выбарчага заканадаўства, не атрымаў адказу з камісіі Усходняй выбарчай акругі №107, але назіральнікі спадзяюцца, што гэты адказ у сукупнасці з адказам наконт сітуацыі ў Баранавічах прадэманструе захаванне прынцыпу аднастайнасці.
Кампанія "Праваабаронцы за свабодныя выбары" з'яўляецца незалежнай і не ставіць мэтай падтрымку палітычных партый і якіх-небудзь палітычных дзеячоў. Увесь выбарчы працэс назіральнікі ацэньваюць выключна зыходзячы з прынцыпаў свабодных, дэмакратычных і празрыстых выбараў, пры якіх народ Беларусі можа ў поўнай меры рэалізаваць сваё канстытуцыйнае права на ўдзел у кіраванні сваёй краінай.