Парады праваабаронцаў: Што рабіць, калі напалі на выбарчы пікет
Пасля чарговага нападу на зборшчыкаў подпісаў за вылучэнне апазіцыйнага кандыдата ў дэпутаты, праваабаронца Валянцін Стэфановіч дае парады ўдзельнікам законных выбарчых пікетаў.
Інцыдэнт, які зафіксавалі назіральнікі кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары", адбыўся ўвечары 20 ліпеня ў Мар’інай Горцы. На пікет патэнцыйнага кандыдата ў дэпутаты ад Партыі БНФ каля магазіна “Чыгуначнік” напаў невядомы. У пікеце стаяла сама вылучэнка ў кандыдаты па Пухавіцкай выбарчай акрузе №65 Наталля Ільініч, а таксама сябры яе ініцыятыўнай групы Святлана Кургановіч і Мікалай Усціменка. Спачатку незнаёмец выказаў прэтэнзіі да бел-чырвона-белага сцяга, заявіўшы, што пікетоўцы не маюць права яго выкарыстоўваць. Потым стаў пагражаць ім збіццём, бо яны нібыта хочуць “Майдана”, а ён – не. Праз некаторы час нападнік пачаў з некім размаўляць па тэлефоне і адышоў ад пікету.
“Калі мы ўжо збіраліся скончыць пікет, незнаёмец зноў падышоў і стаў весці сябе вельмі агрэсіўна: зневажаць, крычаць і пагражаць. Мы са Святланай спрабавалі спакойна размаўляць, супакойваць, нешта патлумачыць, але нападнік нічога не хацеў слухаць. Стала ясна, што ён хоча распачаць бойку”, - узгадвае Наталля Ільініч.
Пікетоўцы былі вымушаныя звярнуцца па дапамогу ў міліцыю, якая прыехала праз 10 хвілін, хоць будынак РАУС і месціўся ад пікету на адлегласці ў метраў 300.
Правакатар, пачуўшы, што Наталля Ільініч выклікае міліцыю, хутка сышоў. Аднак пікетоўшчыкі паспелі яго сфатаграфаваць.
Сітуацыію каментуе эксперт кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Валянцін Стэфановіч:
“Напады на пікеты апазіцыйных кандыдатаў, на жаль, не рэдкая зʼява. У Мінску ўжо адбылося некалькі нападаў на пікеты Руху “За свабоду”, якія таксама выкарыстоўваюць нацыянальную сімволіку.
У такіх выпадках варта званіць у міліцыю, бо супрацоўнікі органаў унутраных спраў абавязаныя забяспечыць ахову грамадскага парадку пры правядзенні пікетаў па зборы подпісаў.
Акрамя таго, варта напісаць заяву ў міліцыю пра напад і запатрабаваць распачаць праверку па гэтым факце, устанавіць асобу нападніка і прыцягнуць яго да адказнасці ва ўстаноўленым законам парадку. Як мінімум у дзеяннях такіх правакатараў углядаецца склад адміністратыўнага правапарушэння па арт. 17.1 КаАП “Дробнае хуліганства”.