Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Двайныя стандарты ці няўважлівасць АВК? Праваабаронцы высвятляюць

Пікет па зборы подпісаў за Аляксея Сокала ў Мінску
Пікет па зборы подпісаў за Аляксея Сокала ў Мінску

“Мы патрабуем пераменаў!”, “За словам справа, за справай – вынік!” на стэндзе прэтэндэнта ў кандыдаты ці “Мільён працоўных месцаў” на яго майцы – усё агітацыйныя лозунгі? Праваабаронцы патрабуюць тлумачэнняў у звязку з папярэджаннямі акруговых выбаркамаў “за агітацыю” на адрас адных вылучэнцаў і адсутнасці прэтэнзіяў у аналагічнай сітуацыі да іншых. 

За апошні тыдзень назіральнікі кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” паведамілі пра некалькі папярэджанняў “за агітацыю”, вынесеных акруговымі выбарчымі камісіямі асобам, за вылучэнне кандыдатамі ў дэпутаты якіх ідзе збор подпісаў. Так, 12 ліпеня АВК Баранавіцкай-Усходняй акругі №6 вынесла папярэджанні двум прэтэндэнтам у кандыдаты – Мікалаю Чарнавусу, які збіраў подпісы ў майцы з надпісам “Мільён працоўных месцаў”, і Юрыю Казакевічу за надпіс “Мы патрабуем пераменаў!” пад яго здымкам на стэндзе. Услед за гэтым, 13 ліпеня, аналагічнае папярэджанне сп. Казакевічу вынесла АВК па Баранавіцкай-Заходняй выбарчай акрузе №5.

Баранавічы. Юрый Губарэвіч і Юрый Казакевіч, пікет па зборы подпісаў.
Пікеты па зборы подпісаў за Юрыя Казакевіча і Мікалая Чарнавуса на рынку ў Баранавічах

Тым часам у Мінску назіральнікі бачаць, да прыкладу, банер прэтэндэнта ў кандыдаты Аляксея Сокала, на якім таксама ёсць надпіс “За словам справа, за справай – вынік!”, аднак інфармацыі пра вынясенне папярэджання на яго адрас з боку АВК Усходняй выбарчай акругі №107 назіральнікі не маюць.

Эксперты кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” спрабуюць праясніць акрэсленую сітуацыю. Дзеля гэтага Валянцін Стэфановіч 19 ліпеня звярнуўся ў АВК Усходняй выбарчай акругі №107. Апелюючы да прынцыпа аднастайнага прымянення выбарчага заканадаўства, ён просіць АВК правесці праверку па факце выкарыстання лозунга на візуальнай прадукцыі сп. Сокала, якая выстаўлялася на пікеце па зборы подпісаў на плошчы Калініна ў Мінску 12 ліпеня.

Пікет па зборы подпісаў за Аляксея Сокала ў Мінску
Разам з заявай праваабаронца даслаў у АВК здымак з пікета па зборы подпісаў за Аляксея Сокала, дарэчы, дзеючага дэпутата Мінгарсавета

Кампанія "Праваабаронцы за свабодныя выбары" з'яўляецца незалежнай і не ставіць мэтай падтрымку палітычных партый і якіх-небудзь палітычных дзеячоў. Увесь выбарчы працэс назіральнікі ацэньваюць выключна зыходзячы з прынцыпаў свабодных, дэмакратычных і празрыстых выбараў, пры якіх народ Беларусі можа ў поўнай меры рэалізаваць сваё канстытуцыйнае права на ўдзел у кіраванні сваёй краінай.


Каментары