Слонім: БНФ “Адраджэнне” просіць уключыць ва ўчастковыя камісіі сваіх сябраў
Кіраўнік слонімскай суполкі грамадскай арганізацыі БНФ “Адраджэнне” Павел Севасцьян пісьмова звярнуўся да старшыні Слонімскага райвыканкама Алега Таргонскага. У заяве спадар Севасцьян адзначае, што “лічым неабходным уключыць у склад участковых выбарчых камісій слонімскіх сяброў ГА БНФ “Адраджэнне”, што паслужыць гарантыяй справядлівых і чэсных выбараў…Мы спадзяемся, што ў адрозненне ад мінулых выбарчых кампаній, на гэты раз нашы сябры будуць уключаны ў склад участковых выбарчых камісій. Тым болей, што нашы людзі поўнасцю гатовы там шчыра працаваць і прайшлі навучанне па выбарчаму заканадаўству”.
Заяву з просьбай Павел Севасцьян у чацвер, 21 ліпеня, выслаў старшыні Слонімскага райвыканкама.
Дарэчы, у склад участковых выбарчых камісій Слонімская арганізацыя ГА БНФ “Адраджэнне” мяркуе вылучыць 25 чалавек.