Найбольш актыўнай кампаніяй па зборы подпісаў у слуцка-салігорскім рэгіёне вылучаецца ініцыятыўная група Аліны Нагорнай (фота)
Найбольш актыўную кампанію па зборы подпісаў выбаршчыкаў у слуцка-салігорскім рэгіёне пакуль праводзіць ініцыятыўная група актывісткі Руху “За свабоду” Аліна Нагорная. Пікеты праўладных кандыдатаў у рэгіёне праходзяць у “сумнай і бязлюднай атамсферы”.
Пікеты Аліны Нагорнай па Слуцкай выбарчай акругі №67 вылучаюцца крэатыўнасцю і сапраўднай барацьбой за подпісы выбаршчыкаў. На яе пікетах шмат моладзі, лунаюць бел-чырвона-белыя сцягі, граюць музыкі. Адначасова жыхарам горада прапануецца “прыдумаць ідэальны Слуцк”. Пікеты актывісткі прыцягваюць пільную ўвагу мясцовых уладаў і праваахоўных органаў, але ніякіх сур’ёзных перашкодаў з іх боку не было.
Пікеты іншых дэмакратычных прэтэндэнтаў у кандыдаты пакуль на Случчыне заўважаны не былі. Нагадаем, што у Салігорскім раёне апазіцыйныя кандыдаты вылучаюцца ад партый, і таму пікетаў па зборы подпісаў выбаршчыкаў яны не ладзяць.
Што да асноўных праўладных прэтэндэнтаў на месцы ў новым беларускім парламенце, дык і ў Слуцкім і ў Салігорскім раёнах іх пікеты па зборы подпісаў выбаршчыкаў мелі адзінкавыя выпадкі, былі больш падобнымі на фотасесіі для рэгіянальнай дзяржаўнай прэсы і ладзіліся хутчэй дзеля “карцінкі” на мясцовым тэлебачанні, чым для рэальнага збору подпісаў. Правядзенне пікетаў так званымі спарынг-партёнамі праўладных кандыдатаў па слуцкай і салігорскіх выбарчых акругах незалежнымі назіральнікамі не фіксавалася.