Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Таццяна Севярынец: “Падобна, камусці выгадна, каб выбаршчыкі блыталіся ў заканадаўстве”

Віцебск. Збор подпісаў за вылучэнне кандыдатам Таццяны Севярынец.
Віцебск. Збор подпісаў за вылучэнне кандыдатам Таццяны Севярынец.

Віцебская каардынатарка аргкамітэту па стварэнні партыі БХД збіраецца ўдзельніцаць у парламенцкіх выбарах і ўжо сабрала больш за тысячу подпісаў, неабходных для вылучэння.  Увогуле ж, для яе гэта ўжо не першая выбарчая кампанія, а ўражанні пасля некаторых сустрэч з віцяблянамі – нібыта час спыніўся.

“Пакуль збіралі подпісы, ходзячы па кватэрах “ад дзвярэй да дзвярэй”, зноў і зноў сустракалі тых, хто безапеляцыйна заяўляў: “Дык я ж ужо прагаласаваў. Якія выбары?”. Мала таго, што насамрэч некаторыя не чулі пра выбары 11 верасня, ды пэўная частка народу так і не разумее, што падпісацца за вылучэнне – гэта зусім не тое, што прагаласаваць”, - згадвае сёлетні досвед збору попісаў спадарыня Тацяна.

Паводле яе назіранняў, шмат хто з выбаршчыкаў паўтарае як завучаную ісціну: “Я ўжо падпісаўся за аднаго вылучэнца, і больш не маю права. Так мне патлумачылі на працы”. Такіх людзей амаль бессэнсоўна пераконваць, бо яны не проста “ужо падпісаліся”, а падпісаліся за таго чалавека, на якога ім указалі. Ці нават загадалі. Такія выпадкі таксама сустракаліся, кажа актывістка:
“А ў адной з кватэр дзяўчына ўвогуле толькі сабралася падпісвацца, як раптам аж закалацінася: “Не-не-не, я перадумала. У мяне маці ў “Белай Русі”, і ў яе могуць быць праблемы, калі нехта ў сям’і падпішацца за апазіцыянера. Выбачайце, але я не буду”. І падобнах выпадкаў шмат, нібыта ў людзей няма аніякага досведу ўдзелу ў выбарах! Калі так, то дзяржава мусіць паклапаціцца пра адукаванне насельніцтва.  Я чула: па тэлевізары тлумачылі, што падпісваца можна за вылучэнне любой колькасці прэтэндэнтаў. Значыцца,  трэба паўтараць гэта зноў і зноў, каб людзі не блыталіся, а ведалі свае правы!”

Віцебск. Збор подпісаў за вылучэнне кандыдатам Таццяны Севярынец

На практыцы да рэалізацыі гэтай прапановы вельмі далёка. Дзяржаўныя СМІ імкнуцца паведаміць чытачам пэўную статыстыку, але не тлумачаць правы выбаршчыкаў. Так,  газета “Віцебскія весці” надрукавала артыкул пра пачатак збору подпісаў за вылучэнне кандыдатаў. Там сказана пра колькасць ініцыятыўных груп у вобласці, але ні слова няма пра тое, што кожны грамадзянін мае права падпісацца не за аднаго, а за некалькіх патэнцыйных кандыдатаў, якія хочуць балатавацца ў пэўнай акрузе. 

Гарадская газета “Віцьбічы” таксама акцэнтуе ўвагу на лічбах: паведамляе тэрміны вылучэння кандыдатаў, колькасць зарэгістраваных ініцыятыўных груп, нават нагадвае грамадзянам, што збіральнік подпісаў мусіць мець пасведчанне. А вось пра правы выбаршчыкаў паспрыяць вылучэнню не аднаго, а некалькіх кандыдатаў -- не паведамляецца.

“Такое ўражанне, што прававой асветай, тлумачэннем выбарчага заканадаўства ў нас не займаюцца знарок. Гэта стварае магчымасці для падману, для маніпуляцый  паводзінамі людзей, і  гэтым выдатна карыстаюцца праўладныя вылучэнцы. Менавіта пасля таго, як людзі падпісаліся “за каго трэба”, шмат хто з іх адмаўляецца падпісвацца яшчэ”, -- кажа Тацяна Севярынец.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары