Раёнкі Гродзеншчыны асвятляюць выбары слаба і аднабакова
Раённыя газеты Гродзеншчыны вельмі слаба асвятляюць ход прадвыбарнай кампаніі ў Беларусі. А калі і з’яўляюцца матэрыялы на іх старонках, то гэта агульнарэспубліканскія, якія перадае БЕЛТА ці прысвечаныя праўладным кандыдатам у дэпутаты.
Так, як гэта робіцца, напрыклад, на старонках зэльвенскай раённай газеты “Праца”. Некалькі матэрыялаў на старонках “Працы” адлюстроўваюць толькі пікеты па збору подпісаў за сённяшняга дэпутата Палаты прадстаўнікоў Алу Сопікаву, якая зноў вылучаецца дэпутатам. Гэтыя пікеты арганізоўваюць на Зэльвеншчыне актывісты БРСМ. Пра іх і піша зэльвенская раёнка. Вось некалькі абзацаў з адного тэксту: “Адзін з пікетаў у падтрымку Алы Сопікавай – патэнцыйнага кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь – учора правялі актывісты раённага камітэта грамадскага аб’яднання «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі». Месца выбралі ажыўленае – ля цэнтральнага рынка… Па словах першага сакратара РК ГА “БРСМ” Іны Шаўцовай, актывісты моладзевага аб’яднання і ў далейшым маюць намер працягнуць збор подпісаў у падтрымку вылучэння кандыдата Сопікавай..”. Пра пікеты іншых вылучэнцаў на старонках “Працы” згадкаў не было.
Навагрудская раённая газета “Новае жыццё” апублікавала матэрыял “У Навагрудскім раёне праводзяцца пікеты па збору подпісаў выбаршчыкаў”, дзе паведаміла без прозвішчаў аб тым, што на Навагрудчыне ідзе збор подпісаў і апублікавала два здымкі: на адным – жанчына ставіць подпіс, прыкрыўшы партрэт кандыдата, але на здымку відаць тэкст: “дэпутата Палаты прадстаўнікоў…”, на другім здымку – “Белая Русь”.
Ваўкавыская раённная газета “Наш час” 20 ліпеня надрукавала вялікімі літарамі артыкул “Белая Русь” – за Аляксандра Сягодніка”, у якім распавядае пра пікет у падтрымку дэпутата Палаты прадстаўнікоў Аляксандра Сягодніка, які па-ранейшаму не хоча развітвацца з дэпутацкім пасведчаннем. Праўда, у канцы гэтага матэрыялу згадваецца, што «кроме Сегодника А. И., свои инициативные группы по сбору подписей в их поддержку по избирательному округу № 48 зарегистрировали Поконечный Павел Леонидович и Товстыга Виталий Николаевич”.
Дзятлаўская, Лідская, Мастоўская, Слонімскія і іншыя раённыя газеты ў асноўным публікуюць з БЕЛТА. Усе яны аздоблены партрэтамі Лідзіі Ярмошынай і Мікалая Лазавіка.