Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Светлагорск: на пікеце мінак пагражаў дзяўчыне-інваліду ў вазку: «Зараз як дам палкай па спіне, то адразу ўстанеш і пойдзеш!»

Светлагорск. Збор подпісаў за вылучэнне кандыдатам Юрыя Ляшэнкі.
Светлагорск. Збор подпісаў за вылучэнне кандыдатам Юрыя Ляшэнкі.

19 ліпеня патэнцыйны кандыдат у дэпутаты па Светлагорскай акрузе, грамадскі актывіст Юрый Ляшэнка выставіў у райцэнтры два пікеты пад бел-чырвона-белымі сцягамі. Раней у Светлагорску стаялі пікеты толькі за праўладнага кандыдата – дэпутата ПП НС Галіну Філіповіч. Па словах прэтэндэнта на дэпутацкі мандат, людзі падыходзілі, цікавіліся, ставілі подпісы, моладзь пазітыўна рэагавала на бел-чырвона-белы сцяг. Дапамагчы Юрыю Ляшэнка праводзіць пікеты, прыехалі бард Зміцер Захарэвіч і актывіст прадпрымальніцкага руху Алесь Макаеў.

Светлагорск. Збор подпісаў за вылучэнне кандыдатам Юрыя Ляшэнкі.

На адным з пікетаў адбыўся прыкры інцыдэнт. «На пікеце пад бел-чырвона-белым сцягам стаяла дзяўчына-інвалід у вазку, яна збірала подпісы. І вось падышоў чалавек сталага веку, нападпітку, і пачаў сварыцца і абражаць дзяўчыну. Ён закрычаў на яе: Зараз як дам палкай па спіне, то адразу ўстанеш і пойдзеш! На Алеся Макаева гэты чалавек сказаў, што хай дзякуе за камеры відэаназірання тут, на краме, а то бы ён яго задушыў. Так гэтага чалавека раздражняў бел-чырвона-белы сцяг», - распавёў Юрый Ляшэнка.

Ён дадае, што бачыць шмат праблемаў у горадзе, якія гадамі не вырашаюцца – экалагічныя, безбар’ернага асяродку, камунальныя, і таму вырашыў спрабаваць балатавацца ў ПП НС. «Я ведаю, што ў нас несумленныя выбары, але людзі павінны ведаць, што альтэрнатыва ёсць», - дадаў патэнцыйны кандыдат.

Светлагорск. Збор подпісаў за вылучэнне кандыдатам Юрыя Ляшэнкі.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары