Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Парушэнні на этапе збору подпісаў за вылучэнне кандыдатаў заўважаны ў Полацку

Пра інцыдэнты ў Полацкай гарадской выбарчай акрузе №27 і ў Полацкай сельскай выбарчай акрузе №28 распавялі выбаршчыкі і назіральнікі.

Жыхару Полацку было прапанавана паставіць подпіс за вылучэнне ў кандыдаты Наталлі Гуйвік, дзейнай дэпутаткі Парламента, проста падчас прыёму ў паліклініцы. Апрача лекара і медсястры, у кабінеце знаходзілася трэцяя асоба – таксама медсястра – з падпісным аркушам. Грамадзянін паскардзіўся на гэты выпадак у ЦКВ, але атрымаў адказ, што парушэння выбарчага заканадаўства не заўважана. Маўляў, збіральніца подпісаў зайшла на працу ў свой вольны час, а будынак медычнай установы не ўваходзіць у пералік месцаў, дзе абаронена збіраць подпісы.  

Пытанне, ці не былі парушаны нормы прафесійнай медычнай этыкі, Цэнтарвыбаркам разбіраць не стаў, а ў паліклініцы пра гэта відавочна і не задумаліся.

Пра выпадкі, калі подпісы збіраюць у працоўны час на прадпрыемствах, паведамляюць і з Верхнядзвінску. Звыклая практыка такая: у ініцыятыўную групу “патрэбнага” кандыдата улючаюць людзей, якія працуюць на буйнейшых аб’ектах. І калі ініцыятыўная група складаецца са 120-ці чалавек, як у Андрэя Юніцына, начальніка Полацкага раённага вузла электрасувязі, то кожнаму ўдзельніку застаецца сабраць каля 10-ці подпісаў, не сыходзячы з працоўнага месца.

Не выключана, што подпісы за яго ўжо даўно сабралі, бо збор пачаўся яшчэ 6 ліпеня, мяркуе назіральніца пры выбарчай камісіі Полацкай сельскай акругі №28 Валянціна Болбат:

“Я вельмі хацела трапіць на пасяджэнне выбарчай камісіі, калі рэгістравалі ініцыятыўныя групы. Тэлефанавала ў камісію загадзя, але мне нічога канкрэтнага не сказалі. Сачыла за інфармацыяй на сайце Полацкага райвыканкама, але і там не знайшла аб’явы… Паведамленне пра тое, што пасяджэнне ўжо прайшло, з’явілася  праз некалькі дзён. Старшыня камісіі Сяргей Труханаў заявіў мне ў тэлефоннай размове, што аб’ява пра пасяджэнне на сайце нібыта была, але потым “яе знялі”. Навошта? Гэтага ён так і не патлумачыў. Я не ўбачыла, як праходзіла пасяджэнне 5 ліпеня, але ўжо назаўтра, 6 ліпеня, ініцыятыўная група выйшла на збор подпісаў. Калі паспелі падрыхтаваць 120 пасведчанняў для сябраў ініцыятыўнай групы, для мяне застаецца загадкай”.

Чаму з сайта райвыканкама знялі аб’яву менавіта пра гэтае пасяджэнне камісіі – таксама няясна. Але пра тое, што чарговае паседжанне прызначана на 20 ліпеня, аб’ява ёсць.

Валянціна Болбат адзначае, што ў Верхнядзвінску, дзе яна жыве, і які ўваходзіць у Полацкую сельскую акругу №28, не было заўважана ніводнага пікета па зборы подпісаў. Ні за патэнцыйнага кандыдата Андрэя Юніцына, ні за патэнцыйнага кандыдата Яўгена Крыжаноўскага, вядомага актора-сатырыка, які жыве ў Мінску і з’яўляецца намеснікам старшыні ЛДП (ён таксама зарэгістраваў у Полацку ініцыятыўную групу, хаця, паводле заканадаўства, можа вылучацца ў кандадаты ад сваёй партыі).  

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары