Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Правацэнтрысты зладзілі пікет насупраць "Белтэлерадыёкампаніі" (фота)

Правацэнтрысцкая кааліцыя зладзіла 20 ліпеня ў 13.00 сумесны пікет па зборы подпісаў за вылучэнне кандыдатам Юрыя Губарэвіча каля “Белтэлерадыёкампаніі”.

Юрась Губарэвіч, які вылучаецца па Каліноўскай акрузе №108, разам з старшынёй АГП Анатолем Лябедзькам і актывісткай Вольгай Кавальковай пры дапамозе рулеткі адмерылі 50 метраў ад будынку дзяржаўнага тэлебачання і раставілі свой пікет.

За гэтым дзеяннем пільна сачылі супрацоўнікі міліцыі, якія чакалі пікетоўцаў пад будынкам БТ.

“Мы прыйшлі сёння сюды, как сказаць, што хопіць аднабокага асвятлення выбарчай кампаніі. Дзяржаўнае тэлебачанне фінансуецца за грамадскія грошы, людзі стаміліся ад той прапаганды і той лапшы, якую навешвае на вушы дзяржаўная ўлада праз свае тэлеканалы. Калі ласка, дайце альтэрнатыўны погляд, дайце права ўсім прысутнічаць на тых тэлеканалах, якія фінансуюцца з бюджэта”, - падкрэсліў прэтэндэнт у кандыдаты ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу шостага склікання Юрась Губарэвіч.

Палітыкі ўспомнілі і Паўла Шарамета, які трагічна загінуў сёння ранкам у Кіеве.

“Ён пачынаў вось тут, на Белтэлерадыёкампаніі. Калі б у нас была свабода слова, каб у нас былі нармальныя адносіны да крытыкі, то мажліва Павел і сёння працаваў у Беларусі. Але яму не  далі ні працаваць, ні жыць. І таму мы павінны не толькі выказваць спачуванні родным і блізкім, але і казаць гэтай сістэме: “Пара мяняцца!” Бо гэта не першый выпадак, калі гінуць журналісты”, - сказаў Анатоль Лябедзька.

Анатоль Лябедзька заклікаў супрацоўнікаў “Белтэлерадыёкампаніі” і супрацоўнікаў міліцыі падпісвацца за патэнцыйнага кандыдата ад Правацэнтрысцкай кааліцыі Юрыя Губарэвіча, і тым самым выканаць свой грамадзянскі доўг.

Відэаздымкі таго, што адбываецца, рабіў і аператар з “Белтэлерадыёкампаніі”.

Нагадаем, 19 ліпеня міліцыя перашкаджала збіраць подпісы сябрам ініцыятыўнай групы Юрыя Губарэвіча каля "Белтэлерадыёкампаніі", спасылаючыся на закон “Аб масавых мерапрыемствах”, і двойчы вымушалі адсоўваць пікет далей ад будынку.

Юры Губарэвіч плануе падаць скаргу на такія дзеянні з боку міліцыі.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"


Каментары