Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Бабруйск: у зборшчыкаў подпісаў кідаюць каўбасой і бутэлькамі

Бабруйск. Збор подпісаў за вылучэнне кандыдатам у дэпутаты Алега Жалнова
Бабруйск. Збор подпісаў за вылучэнне кандыдатам у дэпутаты Алега Жалнова

Сябры ініцятыўных груп Алега Жалнова (АГП) і Андруся Архіпенкі (Гавары праўду) расказалі пра выпадкі агрэсіі з боку выбаршчыкаў. Аднак першы з іх выглядае нават камічна, а ў другім зборшчыкі подпісаў цудам збераглі здароўе. 

Алег Жалноў вылучаецца па Першамайскай выбарчай акрузе, і 18 ліпеня стаяў у пікеце каля крамы Вішнёўскай птушкафабрыкі на Мінскай.

-Пераважна людзі станоўча рэагуюць, ім цікава паглядзець, што адбываецца, - кажа Алег Жалноў. - Нават з тралейбуса бывае выходзяць спецыяльна, каб падыйсці паразмаўляць, падпісацца. Але некаму з мясцовых жыхароў мы настолькі не спадабаліся, што ён вырашыў шчодра адпомсціць і кінуў на мяне з вакна ладны кавалак каўбасы. Я нават здзівіўся, здаецца, у краіне крызіс, а тут людзі каўбасой кідаюцца!

Другі выпадак адбыўся ў Кісялевічах, гэта Сельская выбарчая акруга, дзе працуе ініцыятыўная група Андруся Архіпенкі. На маці вылучэнца, якая таксама збірае подпісы, здзейсніла напад п'яная жанчына.

-Мая маці збірала подпісы у доме №8 на вуліцы Дзімітрава. У адной з кватэр дзверы адчыніла п'яная жанчына і адразу нецэнзурна вылаялася. Мама адказала: "Дзякуй, усяго добрага" і падыйшла да іншай кватэры. Але гэтая жанчына нападпітку выбегла з крыкамі "Вы жадаеце тут зладзіць майдан!". Ударыла маці па твару, заціснула паміж дзвярэй і працягвала абражаць. Але ў гэты момант з кватэры выскачыў яе муж, таксама п'яны, і зацягнуў яе ў кватэру. Маці міліцыю выклікаць не магла, бо тэлефон пакінула дома. Але на гэтым не скончылася. Я збіраў подпісы ў іншым пад'ездзе, выйшаў і чакаў яе каля ўваходу. Убачыў, як ляціць шкло і бутэлькі на вуліцу з той кватэры. Калі б не паспеў адскочыць, усё гэта патрапіла б акурат на мяне! - распавядае Андрусь.

Малады прэтэндэнт у кандыдаты кажа, што яго маці ў выніку перадумала тэлефанаваць у міліцыю, бо была ў стане шоку і не хацела працягу гэтай гісторыі.

- Мы працягнем працаваць, нягледзячы нават на такія прыкрыя перашкоды, - адзначыў Андрусь Архіпенка.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары