Гомель: зборшчыкі подпісаў маюць праблемы з доступам у інтэрнаты
Ініцыятыўныя групы па вылучэнню кандыдатаў пры зборы подпісаў сутыкаюцца з перашкодамі, адна з якіх – вахцёры на ўваходзе ў інтэрнаты. Напрыклад, патэнцыйны кандыдат у дэпутаты Юрый Глушакоў (Гомельская-Цэнтральная акруга № 33). Ён называе цяжкасці з праходам сябрам ініцыятыўнай групы ў інтэрнаты на дадзеным этапе выбарчай кампаніі «адзінай цяжкасцю». «Асабліва калі гэта тычыцца ўстаноў адукацыі – перапалоханыя вахцёры сцвярджаюць, што без узгаднення з адміністрацыяй гэта немагчыма. У інтэрнатах жа прадпрыемстваў, як правіла, збору подпісаў звычайна не перашкаджаюць. За выняткам адзінага выпадку – у інтэрнаце аднаго камунальнага прадпрыемства. Там нас не пусцілі ўнутр, прапанаваўшы паставіць звонку пікет. У рэкламе мы не маем патрэбы, а збор подпісаў на пікеце лічым неэфектыўным, таму звярнуліся за дапамогай у акруговую камісію», - распавёў Юрый Глушакоў. Па яго словах, акруговая камісія дапамагла, але калі сябры ініцыятыўнай групы зноў наведалі дадзены інтэрнат, вахцёр працягвала настойваць, што не мае дазволу ад каменданта. І пасля яшчэ аднаго тэлефанавання ў акруговую камісію ў інтэрнат прыехаў намеснік дырэктара дадзенага прадпрыемства па ідэалогіі, які і вырашыў станоўча дадзенае пытанне. «Збор подпісаў у дадзеным інтэрнаце, дарэчы, прайшоў выдатна», - адзначыў магчымы кандыдат.
Ён раней ужо неаднаразова ўдзельнічаў у выбарчых кампаніях, у 2003 годзе перамог на выбарах у Гомельскі гарсавет дэпутатаў. «Магу адзначыць, што на дадзеным этапе выбарчыя камісіі беспрэцэдэнтна лаяльныя. Прынамсі, пакуль. Чым гэта выклікана і як сітуацыя будзе развівацца далей – гэта іншае пытанне. Таксама зараз заўважаем пратэстны настрой выбарцаў. Калі на гэтых выбарах не даць гэтым настроям легітымнага выхаду- то прагнозы на далейшае развіццё падзей могуць быць рознымі», - лічыць Юрый Глушакоў.
Разам з ім па Гомельскай-Цэнтральнай акрузе будуць балатавацца беспартыйны майстар філіялу ААТ «Гомсельмаш» Сяргей Бугаёў, галоўны інжынер расійскага прадпрыемства Алег Горбенка (беспартыйны), прадпрымальніца са Светлагорскага раёну Тамара Кавальчук, дэпутат ПП НС Алег Леўшуноў, Уладзімір Няпомняшчых (АГП) і Аляксандр Шарыпаў (рэгіянальны каардынатар аргкамітэту па стварэнню партыі «БХД»).