Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Мазыр: праўладны кандыдат ужо сабраў і здаў подпісы, толькі назіральніку іх адмовіліся паказаць

Мікалай Расоха
Мікалай Расоха

18 ліпеня адбылося чарговае паседжанне акруговай выбарчай камісіі Мазырскай акругі №42. Сярод пытанняў быў разгляд дакументаў ад прэтэндэнта ў кандыдаты Мікалая Расохі (дзейснага дэпутата ПП НС) для рэгістрацыі кандыдатам у дэпутаты і аб арганізацыі працы камісіі па праверцы падпісных лістоў.

У акруговую камісію ад магчымага кандыдата паступілі 202 падпісныя лісты, пратаколы працоўных калектываў па вылучэнні ў дэпутаты і астатнія дакументы, неабходныя для разгляду па рэгістрацыі прэтэндэнта. «202 падпісныя лісты – але колькі там подпісаў – мне не сказалі, і паглядзець тыя падпісныя лісты не далі», - адзначыў назіральнік ад БХК Уладзімір Целяпун. Ён не ведае, якім чынам былі сабраныя тыя подпісы, таму што пікетаў па збору подпісаў у райцэнтры назіральнік не заўважыў.

Камісія прыняла рашэнне адбіраць 25 % ад 1000 подпісаў, неабходных для рэгістрацыі кандыдатам у дэпутаты (гэта 250 подпісаў выбаршчыкаў) і, калі будуць сумневы ў іх сапраўднасці, яшчэ 15% для дадатковай праверцы.

Уладзімір Целяпун адзначае, што два тыдні хапіла ініцыятыўнай групе дзейнага дэпутата, каб сабраць подпісы выбаршчыкаў і падаць іх ў акруговую камісію, правесці сходы (або канферэнцыі) працоўных калектываў ААТ «Рэмспецбуд», КУП «Мазырскія малочныя прадукты» па вылучэнні ў кандыдаты.

«Такую аператыўнасць магчыма ажыццявіць толькі з выкарыстаннем адміністратыўнага рэсурсу» – выказвае меркаванне назіральнік.

Напрыканцы паседжання ён папрасіў старшыню камісіі прадставіць яму магчымасць азнаёміцца з подпісамі і прысутнічаць пры працэдуры іх праверкі. Але намеснік старшыні камісіі Вераніка Байкова адмовіла назіральніку з фармулёўкай «Гэта не прадугледжана Выбарчым кодэксам».

Уладзімір Целяпун звярнуўся з заявай ў акруговую выбарчую камісію, каб гэтае пытанне было разгледжана калегіяльна і былі дадзеныя пісьмовыя адказы для далейшых дзеянняў - абскарджання па забеспячэнні адкрытасці і галоснасці выбарчага працэсу.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

http://elections2016.spring96.org/


Каментары