Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Хоцімскі райвыканкам вызначыўся з умовамі для правядзення перадвыбарчай агітацыі

На інтэрнэт-сайце Хоцімскага райвыканкама з’явілася рашэнне №16-8 ад 13 ліпеня 2016 г. “Аб інфармацыйным забеспячэнні перадвыбарчай агітацыі кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь”.

Згодна райвыканкамаўскага рашэння, да 10 верасня ўключна вызначаны месцы для размяшчэння агітацыйных друкаваных матэрыялаў: у памяшканнях, дзе размяшчаюцца ўчастковыя выбарчыя камісіі, а таксама на інфармацыйных стэндах, усталяваных у памяшканнях адміністрацыйных будынкаў сельскіх выканаўчых камітэтаў, арганізацый гандлю, устаноў культуры і адукацыі, іншых арганізацый Хоцімскага раёна.

Асобным пунктам рашэння Хоцімскі райвыканкам забараніў размяшчэнне агітацыйных матэрыялаў “у не адведзеных для іх месцах”.

Хоцімскі райвыканкам таксама вызначыў памяшканні для правядзення сустрэч кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і іх давераных асоб з выбаршчыкамі, а таксама для правядзення перадвыбарчых сходаў, арганізуемых выбаршчыкамі ў Хоцімскім раёне. Імі сталі памяшканні раённага Цэнтра культуры “Мір”,  актавыя залы Хоцімскай ПМК-276, ЦРБ, СШ №1 Хоцімска і актавая зала філіяла КУП “Магілёўаблдарбуд” ДРБУ №216, а таксама памяшканні сельскіх дамоў культуры і клубаў.

Згодна рашэння Хоцімскага райвыканкама, месцамі для правядзення перадвыбарчых масавых мерапрыемстваў у азнаямляльным парадку на тэрыторыі Хоцімскага раёна вызначаны гарадскі стадыён і гарадскі рынак у Хоцімску, у сельскай мясцовасці – тэрыторыі каля памяшканняў сельскіх дамоў культуры, клубаў.

Кантроль за выкананнем райвыканкамаўскага рашэння ўскладзены на намесніка старшыні Хоцімскага райвыканкам Мікалая Хучава і начальніка РАУС Сяргея Андрэева.

Па словах хоцімскіх грамадскіх актывістаў, райвыканкам крыху палепшыў умовы для правядзення перадвыбарчых масавых мерапрыемстваў кандыдатамі ў дэпутаты і іх даверанымі асобамі ў параўнанні з папярэднімі выбарчымі кампаніямі. Раней адзіным месцам для правядзення перадвыбарчых масавых мерапрыемстваў у азнаямляльным парадку на тэрыторыі Хоцімскага раёна традыцыйна вызначаўся гарадскі стадыён у Хоцімску па вуліцы Ленінскай, 60, дзе заўсёды практычна бязлюдна. Зараз перадвыбарчыя мерапрыемствы ўлады дазволілі праводзіць і на гарадскім рынку па вуліцы Чапаева, дзе людзі сапраўды бываюць, а таксама ў сельскіх населеных пунктах каля аб’ектаў культуры.

Разам з тым актывісты адзначаюць, што, згодна райвыканкамаўскага рашэння, у Хоцімску і раёне будзе фактычна забаронена размяшчаць нейкія агітацыйныя матэрыялы кандыдатаў у дэпутаты на вуліцы. Грамадзяне будуць пазбаўлены магчымасці пабачыць хоць нейкую інфармацыю пра кандыдатаў у дэпутаты па-за вызначанымі памяшканнямі. Пра выбары ў Хоцімскім раёне будуць нагадваць хіба толькі інфармацыйныя плакаты Цэнтрвыбаркама.

Хоцімскі раён уваходзіць у склад Крычаўскай выбарчай акругі №83, дзе ўжо зарэгістравана 6 ініцыятыўных груп па вылучэнню кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў: следчага Магілёўскага межрайаддзела Следчага камітэта Паўла Зініна, геолага “НДІ Белгіпрапалгаз” Генадзя Сугакова, майстра ААТ “Крычаўцаменташыфер” Юрыя Строцкага, галоўнага дзяржаўнага санітарнага ўрача Чэрыкаўскага раёна Людмілы Шматавай, старшыні Крычаўскага раённага Савета дэпутатаў, члена КПБ Таццяны Марачковай і сябра аргкамітэта па стварэнню партыі БХД з Магілёўскага раёна Таццяны Шамбалавай.

Аб сваім намеры вылучыцца кандыдатам у дэпутаты па гэтай акрузе на з’ездзе Партыі БНФ 23 ліпеня заявіў сябар ПБНФ з Хоцімска Валерый Каранкевіч.

Таксама аб намеры вылучыць сваіх кандыдатаў на парламенцкіх выбарах па ўсіх 110 акругах аб’явіла ЛДПБ.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары