Прэтэндэнт у кандыдаты з Оршы: выйсці з нацыянальнай сімолікай на пікет можна толькі падчас выбараў (фота)
У Оршы прайшоў пікет пад бел-чырвона-белым сцягам. Ахвотны балатавацца на выбарах Віталь Паўлаў, за вылучэнне якога збіралі подпісы, адзначае: “Былі людзі, якія падыходзілі да пікета і раілі актывістам быць асцярожнымі. Каб не падпасці пад рэпрэсіі за апазіцыйную дзейнасць”.
Паводле Віталя Паўлава, бел-чырвона-белы сцяг можна ўбачыць у Оршы толькі падчас выбарчых кампаній. Бо права на выказванне ўласных меркаванняў улады парушылі, прыняўшы адпаведнае рашэнне аб арганізацыі масавых акцый. І ўжо некалькі гадоў праводзіць пікеты не дазваляюць, таму адзінае выйсце – выйсці з нацыянальнай сімволікай тады, калі гэта дазваляе выбарчае заканадаўства.
“Людзі на пікет прыходзілі розныя. Былі, прыкладам, тыя, хто падказваў нам, як тут, на плошчы перад Домам гандлю, усталяваны відэакамеры. Каб мы пад іх не траплялі, не рызыкавалі, бо “спецслужбы глядзяць пікет онлайн”. А былі і такія, хто казаў, што “бээнэфаўцы” усё выдумляюць, што аршанцы атрымліваюць заробкі па 300 еўра, і скардзіцца ім няма на што. Шмат распытвалі пра гісторыю сцяга, пра Партыю БНФ, і ўвогуле аднаму хлопцу давялося пераказваць ці не ўсю партыйную гістрыю партыі”, - кажа спадар Паўлаў.
Ён адзначае, што прынцыпова выходзіць на пікеты з нацыянальным сцягам – у тым ліку падчас мінулай прэзідэнцкай выбарчай кампаніі, калі ў Оршы збіралі подпісы за вылучэнне Таццяны Караткевіч і Анатоля Лябедзькі.
Ёсць вялікая верагоднасць таго, што Віталь Паўлаў будзе вылучаны на кандыдата ад Партыі БНФ, аднак ён усё адно лічыць неабходным прадэманстраваць адкрыта сваю палітычную пазіцыю і асабіста паразмаўляць з землякамі.
Тым болей, што ў афіцыйных крыніцах размячаецца дужа мала матэрыялаў пра гэтую выбарчую кампанію. Так, і сайт мясцовай “Аршанскай газеты” пад рубрыкай “Выбары” размяшчае інфармацыю, ідэнтычную кароткім “зводкам” пра дзейнасць акруговых камісій на афіцыйным сайце райвыканкама.
І нават у гэткім варыянце яна выглядае больш “чытабельнай”, чымсьці ў выкладанні на сайце мясцовых уладаў. Там пануе неразбярыха: напрыклад, пра рэгістрацыю ініцыятыўнай групы Віталя Паўлава няма асобнага паведамлення, тады як пра іншых патэнцыйных кандыдатаў такія звесткі ёсць. Даведацца пра групу Віталя Паўлава можна хіба з асобнага файла ”Інфармацыя аб праведзеных пасяджэннях акруговай выбарчай камісіі №25”, прычэпленага ў рубрыцы “Выбары” . Тое самае можна сказаць і пра нязручнасці ў пошуку паведамленняў пра рэгістрацыю ініцыятыўных груп камісіяй Аршанскай Дняпроўскай выбарчай акругі №26. Відавочна, на вялікую цікаўнасць чытачоў стваральнікі рубрыкі на сайце райвыканкаму і не разлічвалі – нічым іншым нельга патлумачыць заблытанасць размяшчэння інфармацыі пра выбарчай кампаніі.