Жыхары Наваполацка паведамляюць пра выпадкі выкарыстання адміністрацыйнага рэсурсу падчас збору подпісаў
Людзі сведчаць, што такім чынам збіраюць подпісы за дзеючага дэпутата Палаты прадстаўнікоў Вадзіма Дзевятоўскага на Наваполацкай ЦЭЦ і ў Полацкім дзяржаўным універсітэце.
Сведкі абодвух інцыдэнтаў кажуць, што 6 ліпеня ў працоўны час праводзіўся збор подпісаў за Вадзіма Дзевятоўскага сярод работнікаў Наваполацкай ЦЭЦ, і ажыццяўляла яго супрацоўніца аддзела кадраў. У частцы падпісных лістоў у якасці зборшчыка подпісаў была пазначана яе прозвішча, а ў другой частцы - яе непасрэдны кіраўнік, загадчык адзела кадраў.
Работнікі ЦЭЦ, якія паведамілі пра гэта, не называюць сваіх прозвішчаў, баючыся стаць ахвярамі непрацягнення кантрактаў. Але адзначаюць, што ім рэкамендавана падпісвацца менавіта за Вадзіма Дзевятоўскага. А таксама звяртаюць увагу на тое, што сам начальнік аддзела кадраў подпісы не збірае – за яго гэтую працу выконваюць падначаленыя.
Што да падзеяў у ПДУ, то тут у перыяд з 11 па 15 ліпеня подпісы за Вадзіма Дзевятоўскага збірала кіраўніца ўніверсітэцкай структуры ГА “БРСМ” Крысціна Кіслова. Подпісы збіраліся ў работнікаў навучальнай установы ў працоўны час.
Апрача ініцыятыўнай групы Вадзіма Дзевятоўскага,акруговая выбарчая камісія Наваполацкай выбарчай акругі №24 зарэгістравала ініцыятыўныя групы Генадзя Вазміцеля і Мікалая Манохіна. Генадзь Вазьміцель – вылучэнец Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі, а Мікалай Манохін, як і Вадзім Дзевятоўскі, хоча трапіць у кандыдаты шляхам збору подпісаў. Але ў адрозненне ад спадара Дзевятоўскага, спадар Манохін зладзіў у Наваполацку пікет па зборы подпісаў, каб непасрэдна сустрэцца з гараджанамі, даведацца пра іхныя праблемы і паслухаць меркаванні пра перспектывы выбарчай кампаніі.
Пікет па зборы подпісаў за Мікалая Манохіна адбыўся 17 ліпеня. Падтрымаць 29-гадовага прадпрымальніка з Мінску прыехаў вядомы беларускі палітык, экс-палітвязень Мікалай Статкевіч, старшыня БСДП («Народная грамада»). Спадар Манохін падкрэслівае, што ён беспартыйны кандыдат, але палітычная пазіцыя Мікалая Статкевіча выклікае ў яго вялікую павагу, і таму ён запрасіў гэтага палітыка на свой пікет.
Мясцовая прэса дзяржаўная пра падзею з удзелам вядомай у беларусі асобы не падала аніякай інфармацыі. Як, зрэшты, і пра наваполацкіх патэнцыйных кандыдатаў увогуле. Газета “Новополоцк сегодня” увогуле не друкуе навінаў пра бягучую выбарчую кампанію, хаця інтэрнэт-версія выдання мае адмысловую рубрыку “Выборы 2016”. Аднак спасылка з яе вядзе наўпрост на аднайменную старонку сайта Наваполацкага гарвыканкама . Там навінаў не друкуюць – толькі дакументы ЦВК, або рашэнні мясцовых выбарчых камісій.
Пра тое, што абурае або цікавіць шэраговых мясцовых жыхароў падчас гэтай выбарчай кампаніі, даведацца немагчыма.