"Палітычныя якасці" пры адборы прэтэндэнтаў у УВК застануцца вызначальнымі (відэа)
Бягучая выбарчая кампанія не стане выключэннем: у выбаркамах, як і раней, будуць засядаць лаяльныя. Юрыст Павел Сапелка каментуе адказ кіраўніцы ЦВК на сваю прапанову адмовіцца пры адборы сябраў УВК ад такога крытэру як "палітычныя якасці".
Свой зварот Лідзіі Ярмошынай аналітык кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" накіроўваў напярэдадні важнага этапу - фармавання ўчастковых выбарчых камісій. Павел Сапелка ад імя кампаніі прапанаваў прыбраць з Пастановы №18 тэрмін "палітычныя якасці", каб гэты крытэр ацэнкі прэтэндэнтаў у УВК не мог уплываць на паказчык праходнасці прадстаўнікоў апазіцыйных структур у склад дадзеных камісій, як гэта было пры фармаванні тэрытарыяльных і акруговых выбаркамаў.
У адказе на зварот кіраўніца ЦВК паведамляе: "Цэнтральная камісія не бачыць падстаў для карэкціроўкі названай пастановы і выключэння з яе тэрміна "палітычныя якасці", які выклікае, на Вашу думку, розначытанне". І далей Лідзія Ярмошына выкладае, відаць, сваё меркаванне: "Пастанова Цэнтральнай камісіі, якая абавязвае органы, што фармуюць выбарчыя камісіі, ажыццяўляць гэтую працэдуру адкрыта, галосна і засноўваючыся на выніках абмеркавання прэтэндэнтаў у сябры камісій, не абмяжоўвае ўдзельнікаў гэтай дыскусіі ў падыходах да ацэнкі як дзелавых, так і палітычных якасцяў названых асобаў".
Прадстаўнікі кампаніі незалежнага назірання іншага адказу і не чакалі, адзначае Павел Сапелка, каментуючы гэтае паведамленне.
"З выбараў у выбары выбарчыя камісіі фармуюцца з ліку тых, хто лаяльны да дзеючай улады. І цяперашнія выбары ў Палату прадстаўнікоў не будуць выключэннем".
Варта адзначыць, што для забеспячэння сапраўды плюралістычнага складу выбарчых камісій у Беларусі БДІПЧ АБСЕ рэкамендаваў "разгледзець магчымасць перагляду сістэмы вылучэння і прызначэння сябраў выбарчых камісій і ўключэння вылучаемых сябраў камісій на ўсіх узроўнях". Далей праваабаронцы прапанавалі ЦВК шлях ажыццяўлення гэтай рэкамендацыі: "Цэнтральная камісія можа прыняць пастанову аб растлумачэнні артыкула 34 Выбарчага кодэкса, у якім варта прадугледзець крытэры для ўключэння кандыдатаў у выбарчыя камісіі, якія б дазволілі ўключаць у выбарчыя камісіі ў першую чаргу прадстаўнікоў палітычных партый як асноўных удзельнікаў выбарчага працэсу".
Але ў Пастанове № 18, якая датычыцца парадку ўтварэння выбарчых камісій, ЦВК рэалізавала прапанову праваабаронцаў роўна да другой коскі - прадугледзела крытэры для ўключэння кандыдатаў у выбарчыя камісіі. "Перад прыняццем рашэння аб фармаванні выбарчай камісіі выносіцца на абмеркаванне пытанне пра дзелавыя і палітычныя якасці асобаў, вылучаных у склад камісіі, а калі колькасць прэтэндэнтаў у склад выбарчай камісіі перавышае колькасць прадугледжаных сябраў камісіі, заслухоўваецца інфармацыя па кожнай кандыдатуры і праводзіцца персанальнае галасаванне", - гаворыцца на гэты конт ў пастанове.
Крытэр "палітычныя якасці" выклікаў крытыку, паколькі, як настойваюць эксперты кампаніі, вельмі важна, каб усе органы, якія фармуюць выбарчыя камісіі, выразна і аднастайна разумелі гэты тэрмін. Але назіранне за фармаваннем АВК і ТВК пацвердзіла, што тэрмін "палітычныя якасці" разумеўся па-рознаму. Менавіта ацэнка палітычных поглядаў вылучэнцаў у склад гэтых камісій і стала першапрычынай палітычна матываванага, селектыўнага падыходу пры абмеркаванні пытанняў пра ўключэнне ці не ўключэнні тых ці іншых асобаў, канстатавалі праваабаронцы, запатрабаваўшы прыбраць з пастановы ЦВК крытэр, які не мае растлумачэнняў у выбарчым заканадаўстве.
Кампанія "Праваабаронцы за свабодныя выбары" з'яўляецца незалежнай і не ставіць мэтай падтрымку палітычных партый і якіх-небудзь палітычных дзеячоў. Увесь выбарчы працэс назіральнікі ацэньваюць выключна зыходзячы з прынцыпаў свабодных, дэмакратычных і празрыстых выбараў, пры якіх народ Беларусі можа ў поўнай меры рэалізаваць сваё канстытуцыйнае права на ўдзел у кіраванні сваёй краінай.