Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

У Брэсце на адну ініцыятыўную групу стала менш: спынены збор подпісаў за Анатоля Ляўковіча

Анатоль Ляўковіч
Анатоль Ляўковіч

Былы кіраўнік Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) адмовіўся ад вылучэння кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па Брэсцкай-Заходняй акрузе №1 і адклікаў заяву аб рэгістрацыі сваёй ініцыятыўнай групы.

Паводле тлумачэнняў самога Ляўковіча, ён вырашыў “не складаць канкурэнцыю маладаму таварышу”, бо па згаданай выбарчай акрузе вылучаецца актывіст БСДП (Грамада) Андрэй Ваўчок. “Я і мае паплечнікі будзем прыкладаць усе намаганні для навядзення парадку ў беларускай сацыял-дэмакратыі, якой неабходная кансалідацыя, свежыя ідэі, новыя людзі і доўгатэрміновыя перспектывы, - адзначае Анатоль Ляўковіч. - Беларускаму грамадству патрэбна адзіная і моцная сацыял-дэмакратычная партыя, месца якой - ў парламенце краіны”.

Варта заўважыць, што ў 11 выбарчых акругах у Брэсцкай вобласці створаны ініцыятыўныя групы сябраў БСДП (Грамада), і некаторыя з прэтэндэнтаў ужо абвесцілі, што сабралі неабходную мінімальную колькасць подпісаў, якая патрабуецца для рэгістрацыі. Акрамя таго, на XVII нечарговым з’ездзе гэтай партыі вылучаны кандыдатамі ў дэпутаты прадстаўнікі брэсцкага рэгіёна - Андрэй Ваўчок, Ганна Канюс, Ігар Маслоўскі, Васіль Кармановіч, Міхаіл Кавальчук, Аляксей Марчук, Арцём Іваноў, Андрэй Бусень, Валянцін Лазарэнкаў, Наталля Галаніна, Леанід Дубаносаў і Віктар Кавалюк.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары