Афіцыйныя сайты Магілёва пачалі даваць больш падрабязную інфармацыю пра выбары, але збольшага агульнага характару
Інфармацыя, што даволі падрабязна адлюстроўвае ход перадвыбарчай кампаніі, пачала з'яўляцца днямі на сайце Магілёўскага гарвыканкама.
Пачынаючы з папярэдняга тыдня на сайце гарадской выканаўчай улады з'явіліся паведамлені пра акругі, у якія ўваходзіць тэррыторыя Магілёва. Гэта Магілёўская-Ленінская №84, Магілёўская-Цэнтральная №85, Магілёўская-Кастрычніцкая №86, Магілёўская-Прамысловая №87, Магілёўская сельская №88, Шклоўская №90. Таксама падаюцца звесткі пра ўтварэнне ўчасткаў для галасавання адміністрацыямі Ленінскага і Кастрычніцкага раёнаў Магілёва.
Цяпер ёсць магчымасць даведацца, да якога ўчастка якой акругі належыць жылы дом, размешчаны па тым ці іншым адрасе ў Ленінскім раёне Магілёва, а таксама ў частцы Кастрычніцкага раёна, дзе знаходзіцца акруга №86. Што тычыцца ўчасткаў акругі №87, то іх апісанне пакуль не змешчана ані на сайце Магілёўскага гарвыканкама, ані на сайце адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Магілёва.
У той жа час на сайце адміністрацыі Кастрычніцкага раёна падаюцца звесткі аб рэгістрацыі ініцыятыўных груп прэтэндэнтаў на дэпутацкае крэсла і кароткая інфармацыя ўласна аб магчымых кандыдатах. А вось на сайце адміністрацыі Ленінскага раёна даведацца аб тых, хто зарэгістраваў свае ініцыятыўныя групы, акрамя іх прозвішчаў, імёнаў і імёнаў па бацьку, немагчыма.
Таксама на сайце Магілёўскага гарвыканкама можна прачытаць інфармацыю пра рэжым працы абласной камісіі па выбарах.