Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Пікет пад бел-чырвона-белым сцягам у Бярозаўцы: “Гэта той сцяг, пад якім беларусы скакалі на Майдане ў Кіеве?..”

Бярозаўка. Збор подпісаў за вылучэнне Вітольда Ашурка.
Бярозаўка. Збор подпісаў за вылучэнне Вітольда Ашурка.

Бярозаўка Лідскага раёна: расіяніну не спадабаўся сцяг на пікеце

У горадзе Бярозаўка Лідскага раёна на мінулых выходных быў выстаўлены толькі адзін пікет. Пад бел-чырвона-белым сцягам ініцыятыўная група збірала подпісы за Вітольда Ашурка (Партыя БНФ). Як сказаў Вітольд Ашурак, “на ранейшых выбарах людзі так актыўна не ставілі свае подпісы, як цяпер. Да пікетаў выбаршчыкі падыходзілі сем’ямі. Яны даволі актыўна ставілі свае подпісы. Падчас пікету ў нядзелю, 17 ліпеня, быў і невялікі інцыдэнт. Да пікету падыйшоў жыхар Расіі і спытаў, паказваючы на сцяг: “Гэта той сцяг, пад якім беларусы скакалі на Майдане ў Кіеве?..” Спадару Вітольду прыйшлося растлумачыць госцю, якое значэнне мае гэты сцяг для беларусаў. Расіянін уважліва паслухаў і сказаў: “Скачыце-скачыце…” А потым хутка пайшоў.

Бярозаўка. Збор подпісаў за вылучэнне Вітольда Ашурка.

За Вітольда Ашурка ўжо сабрана больш за 500 подпісаў.

Пікеты ў Лідзе адсутнічаюць

У Лідзе ў суботу і ў нядзелю, 16 і 17 ліпеня, у людных месцах не было заўважана ніводнага пікету, на якім сябры ініцыятыўных груп кандыдатаў у дэпутаты па Лідскай выбарчай акрузе № 55 збіралі б подпісы. Па словах Станіслава Судніка, які мяркуе балатавацца па гэтай акрузе ад Партыі БНФ, “больш эфектыўны спосаб па збору подпісаў не пікеты, а збіраць іх па хатах і кватэрах. Што, відаць, і робяць сябры ініцыятыўных груп па Лідскай выбарчай акрузе”.

Зэльва: міліцыя толькі паглядала з машыны на пікет

У суботу і нядзелю, 16 і 17 ліпеня, пад бел-чырвона-белым сцягам ініцыятыўная група Івана Шэгі ад Слонімскага згуртавання дэмакратычных сіл упершыню збірала подпісы ў райцэнтры Зэльва. Пікет быў выстаўлены ў самым цэнтры пасёлка непадалёку ад рынка і будынка райвыканкама.

Даўно зэльвенцы не бачылі ў цэнтры пасёлка беларускі гістарычны сцяг, яны падыходзілі да пікету, каб пацікавіцца выбарамі і паставіць свае подпісы.

Зэльва. Збор подпісаў за вылучэнне Івана Шэгі.

Зэльва. Збор подпісаў за вылучэнне Івана Шэгі.

Па словах сябра ініцыятыўнай групы Паўла Севасцьяна, збіраць подпісы яму ніхто не перашкаджаў. “Праўда, міліцыя на машыне некалькі разоў праязджала побач з пікетам, міліцыянты глядзелі праз акно на пікет, але з машыны не выходзілі, і да пікету ніхто з міліцыянераў не падыходзіў. Таму пікет прайшоў спакойна”, -- сказаў Павел Севасцьян.

У суботу ў пікеце Івана Шэгі ў Зэльве і ў Слоніме прымаў удзел і старшыня партыі БНФ Аляксей Янукевіч.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары