Віцебск: па пікеце па зборы подпісаў гучала шмат крытыкі ў бок уладаў (фота)
Пікет каля кірмаша “Паўднёвы” быў арганізаваны дзеля збору подпісаў за вылучэнне кандыдатам прадстаўніка “Гавары праўду”, прадпрымальніка Аляксандра Снарава. Многія гараджане не толькі пакідалі свае подпісы, але і казалі пра тое, з чым не згодныя ў цяперашніх умовах жыцця краіны.
77-гадовы пенсіянер адразу паставіў пытанне рубам: “Чаму і да якой пары ў Беларусі будзе парушацца Канстытуцыя?” Абурэнне сталага спадара выклікае змена асноўнага закона краіны ў 1996 годзе, і ў прыватнасці, магчымасць выбараў прэзідэнта неабмежаваную колькасць разоў запар. Яго цікавіла таксама, ці ёсць у дзейным парламенце людзі, якія маглі б ініцыяваць вяртанне Канстытуцыі ўзору 1994 года.
Іншыя наведнікі гаварылі пра тое, што ў Віцебску парушаецца права на працу – людзей звальняюць з прадпрыемстваў, на заводах і ва ўстановах скарачаюць працягласць працоўнага дня, што адбіваецца на заробках. Гаварылі і пра тое, што кантрактная сістэма абмяжоўвае магчымасці рэалізацыі права на свабоду слова: варта выказаць нязгоду з начальствам, як адразу рызыкуеш быць “выстаўленым за дзверы”.
Аляксандр Снараў кажа, што на пікетах гараджане выказваюцца яшчэ не так крытычна, як у сябе дома – калі збіральнікі подпісаў ходзяць па кватэрах. Тое самае цвердзяць і іншыя віцебскія прадстаўнікі кампаніі “Гавары праўду” Алег Квяцінскі і Аляксандр Мікулін.
Падтрымаць сваіх аднадумаў у Віцебск прыяжджалі мінскія лідэры – Таццяна Караткевіч, Сяргей Вазняк, Ігар Драко. Мінчане разам з тутэйшымі актывістамі збіралі подпісы “ад дзвярэй да дзвярэй”, сустракаючыся з жыхарамі “спальных” мікрараёнаў. Многа скаргаў давялося пачуць і пра хібы будаўніцтва – многія лічаць што іх падманваюць з крэдытамі і коштам жытла, старэйшае пакаленне незадаволена малым памерам пенсій, маладзейшыя з крыўдай гавораць пра рост коштаў. А ўсе разам пра тое, што маюць нярадасны досвед удзелу ў мінулых выбарах: маўляў, з кім не пагаворыш, усе галасавалі за “дэмакратаў”, а ва ўладзе зноў апынуліся праўладныя дэпутаты, якія не хочуць вырашаць праблем простых людзей.