Збор подпісаў за Івана Шэгу: бел-чырвона-белыя сцягі ў вёсках Зэльвеншчыны (фота)
На Зэльвеншчыне працягвае працаваць ініцыятыўная група па збору подпісаў за Івана Шэгу, які вылучаецца ад Слонімскага згуртавання дэмакратычных сіл. У пятніцу, 15 ліпеня, ініцыятыўная група пад бел-чырвона-белым сцягам збірала подпісы ў вёсцы Дзярэчын Зэльвенскага раёна.
Вяскоўцы здалёк бачылі сцяг і падыходзілі да пікетоўшчыкаў, распавядалі пра выбары, самі расказвалі пра тое, як ім жывецца ў вёсцы. А тыя, хто пры сабе меў пашпарты, пагаджаліся паставіць свае подпісы ў падтрымку доктара са Слоніма.
Падчас пікету да сяброў ініцыятыўнай групы пад’ехаў легкавы аўтамабіль, з яго выйшла жанчына. Падыйшоўшы да пікетоўшчыкаў, яна павіталася і спытала: “Хто вы такія? Дзе вашы дакументы?”. Віктар Марчык і Дзмітрый Пятруцік паказалі свае пашпарты і пасведчанні, што яны з’яўляюцца сябрамі ініцыятыўнай групы Івана Шэгі. Жанчына паглядзела дакументы, вярнула іх назад і пайшла да машыны. Але пікетоўшчыкі таксама запыталі ў жанчыны: “Хто вы?”. Жанчына сказала, што яна – Святлана Грынцэвіч – старшыня Дзярэчынскага сельскага выканаўчага камітэта. І паказала сваё пасвечанне. А потым села ў машыну і паехала.