Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

«Справядлівы свет» зладзіў шэраг пікетаў у вёсках Гомельскага раёна і Добрушы (фота)

Збор подпісаў за вылучэнне кандыдатам Уладзіміра Сякеркі.
Збор подпісаў за вылучэнне кандыдатам Уладзіміра Сякеркі.

Актывісты партыі левых «Справядлівы свет» - сябры ініцыятыўнай групы па вылучэнню кандыдатам у дэпутаты ПП НС члена абкаму і метадыста абласной арганізацыі Уладзіміра Сякеркі, ладзяць пікеты па вёсках Гомельскага раёна і ў Добрушы. Уладзімім Сякерка мае намер балатавацца па Гомельскай-Сельскай акрузе №37, у склад якой уваходзіць Добрушскі раён і частка Гомельскага. 15 ліпеня «левыя» праехалі з пікетам па вёсках Гомельскага раёна, якія ўваходзяць у акругу. 16 ліпеня сябры ініцыятыўнай групы наведалі Добруш, зладзіўшы пікет каля мясцовага рынку.

У суботні дзень людзей каля рынку ў Добрушы было шмат, але зацікаўленасці ў выбарчай кампаніі мала хто праяўляў. Некаторыя падыходзілі да пікету, разглядалі стэнд з біяграфічнымі звесткамі пра магчымага кандыдата – і ішлі далей па сваіх справах. Большасць мінакоў рэагавала на пікет невербальна – махалі рукой, падціскалі вусны, круцілі галавой, пазіралі з-пад ілба. Подпісы ставілі нямногія, як, прынамсі, і размаўлялі з удзельнікамі пікету таксама. Некаторыя тлумачылі: «Мы баімся ставіць подпісы». Жыхары райцэнтру абураліся нізкімі пенсіямі і заробкамі, адсутнасцю перспектыў для моладзі, але выказваліся, што нічога нельга змяніць. Кітайцы – а іх шмат працуе ў Добрушы на будаўніцтве новага прадпрыемства, шырока ўсміхаліся, ўбачыўшы чырвоны сцяг.

Збор подпісаў за вылучэнне кандыдатам кіраўніка Гомельскай абласной арганізацыі

Збор подпісаў за вылучэнне кандыдатам кіраўніка Гомельскай абласной арганізацыі

Збор подпісаў за вылучэнне кандыдатам кіраўніка Гомельскай абласной арганізацыі

Уладзімір Сякерка падкрэсліў, што партыя па вобласці плануе вылучыць кандыдатамі 11-12 чалавек на 17 акруг. Ва ўчастковыя камісіі партыя плануе вылучыць па вобласці 50 чалавек.

«Ілюзій наконт перамогі на выбарах ніхто не мае. Выбараў няма. Кампанію трэба выкарыстаць як інфармацыйны рэсурс для прапаганды нашых ідэй і нашай партыі. Вынікі выбараў мы ведаем. З нашых назіранняў – па вёсках, і ў Добрушы – абыякавыя адносіны ў людзей не да нас, а да ўсяго працэсу. Людзі ўсведамляюць, што за іх ужо ўсё вырашылі, таму ніякай зацікаўленасці да выбараў у іх няма. Пануе абыякавасць, апатыя, адсутнасць веры ў нейкія змены», - пракаментаваў спадар Сякерка.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары