Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Газета “Магілёўскія ведамасці” рэкламуе праўладнага прэтэндэнта ў кандыдаты

Магілёўская абласная газета “Магілёўскія ведамасці” (№53 ад 15 ліпеня 2016 года), заснавальнікам якой з’яўляецца мясовы аблвыканкам, змясціла вялікі артыкул, прысвечаны асобе памочніка прэзідэнта, галоўнага інспектара па Брэсцкай вобласці Дзмітрыя Гобарава.

У артыкуле “Гэта пуцяводнае слова “трэба”” журналіст Віктар Кубека ўсяляк распісвае поспехі і дасягненні Дзмітрыя Гобарава падчас яго ранейшай працы ў Магілёўскай вобласці, распавядае пра выдатныя асабістыя якасці памочніка прэзідэнта па Брэсцкай вобласці. Па меркаванні спадара Кубекі, менавіта Дзмітрый Гобараў падчас сваёй працы першым намеснікам старшыні Шклоўскага райвыканкама, а пазней старшынёй Круглянскага і Магілёўскага райвыканкамаў, паўсюль пакінуў добрую памяць, дасягнуўшы поспехаў у вытворчасці і сацыяльнай сферы. Журналіст выказвае спадзяванне, “што ўсё вернецца на кругі свая”, маючы на ўвазе той факт, што зараз Дзмітрый Гобараў вылучаецца кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па Шклоўскай выбарчай акрузе №90.

Іншы прэтэндэнт у кандыдаты ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па Шклоўскай выбарчай акрузе №90, намеснік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў выказвае сваё абурэнне такой непрыкрытай падтрымкай з боку аблвыканкамаўскай газеты праўладнага кандыдата ў дэпутаты. На думку Рыгора Кастусёва, надрукаваўшы хвалебны артыкул на адрас Дзмітрыя Гобарава, “Магілёўскія ведамасці” ясна прадэманстравалі, каго падтрымліваюць магілёўскія абласныя ўлады і хто будзе “абраны дэпутатам” Палаты прадстаўнікоў па акрузе №90.

У Шклоўскую выбарчую акругу №90 уваходзяць Бялыніцкі, Круглянскі і Шклоўскі раёны Магілёўскай вобласці, а таксама Пашкаўскі сельсавет Магілёўскага раёна і частка Ленінскага раёна г. Магілёва. На тэрыторыі Бялыніцкага раёна створана 18 участкаў для галасавання, на тэрыторыі Круглянскага – 19, на тэрыторыі Ленінскага раёна г. Магілёва – 5, на тэрыторыі Магілёўскага раёна – 2, на тэрыторыі Шклоўскага раёна – 32.

Акруговая выбарчая камісія Шклоўскай выбарчай акругі №90 зарэгістраваныя чатыры ініцыятыўныя групы па збору подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, бялыніцкага прадпрымальніка, актывіста “Гавары праўду” Пятра Шымбалёва, памочніка прэзідэнта, галоўнага інспектара па Брэсцкай вобласці Дзмітрыя Гобарава, жыхара вёскі Бахані Бялыніцкага раёна Алега Лістападава і дырэктара ДУА “Сярэдняя школа №1 г.п. Бялынічы імя М. І. Пашкоўскага” Таццяны Балдушэўскай.

У якасці кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па Шклоўскай выбарчай акрузе №90 на партыйным з’ездзе плануе таксама вылучацца намеснік старшыні Партыі БНФ, жыхар Шклова Рыгор Кастусёў. Аб сваім намеры вылучыць кандыдатаў па гэтай акрузе заяўлялі таксама чальцы БСДП (Грамада) і ЛДПБ.

Бялыніцкія грамадскія актывісты лічаць, што ўжо зараз можна казаць аб тым, што дэпутатам Палаты прадстаўнікоў па Шклоўскай выбарчай акрузе №90 будзе Дзмітрый Гобараў, вылучэнне якога падтрымлівае ўся кіруючая “вертыкаль”. Пра непрыхаваную падтрымку прэтэндэнта ў кандыдаты ад улады Дзмітрыя Гобарава сведчыць і артыкул-панегірык на яго адрас, змешчаны на старонках буйнейшай газеты Магілёўскага аблвыканкама.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары