Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Навагрудак: камендант інтэрнату не дазваляла збіраць подпісы за Вадзіма Левана

У пятніцу, 15 ліпеня, ініцыятыўная група па збору подпісаў за Вадзіма Левана (Рух “За свабоду”), які вылучаецца па Навагрудскай выбарчай акрузе № 57, падала скаргу ў акруговую камісію. Скаргу сябры ініцыятыўнай групы падалі ў сувязі з тым, што камендант інтэрната швейнай фабрыкі “БелКрэда” не дазваляла ім збіраць подпісы ў інтэрнаце. Жанчына катэгарычна заявіла, што “гэта яе тэрыторыя, і ініцыятыўная група Вадзіма Левана не мае права тут збіраць подпісы”. Камендант усіх жыхароў інтэрната пры гэтым папярэдзіла, што подпісы можна ставіць толькі за аднаго кандыдата, а не за двух-трох.

Сама ж камендант збірае подпісы сярод жыхароў інтэрната за прэтэндэнта ў кандыдаты Вольгу Папко, якая  працуе дырэктарам установы “Музей “Замкавы комплекс “Мірскі замак”. Па словах жыхароў інтэрната, камендант збірала іх пашпарты, а праз пэўны час раздала іх людзям, не папярэдзіўшы, з якой нагоды пашпарты яна збірала.

У скарзе згадваецца і прозвішча Вольгі Папко, якая ва ўстанове “Музей “Замкавы комплекс “Мірскі замак” раздавала падпісныя лісты сваім супрацоўнікам, дзе работнікі музея ўсе павінны былі распісацца за яе. Па словах Вадзіма Левана, па фактах, выкладзеных у скарзе, ёсць сведкі, а таксама дыктафонны запіс.

Дарэчы, ініцыятыўная група Вадзіма Левана сабрала ўжо каля 2000 подпісаў.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары