Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

У Брэсце за дзеючага дэпутата, які мае намер вылучацца зноў, збіраюць подпісы з парушэннямі выбарчага закандаўства (фота дакумента)

Падпісны ліст за вылучэнне Валянціна Мілашэўскага
Падпісны ліст за вылучэнне Валянціна Мілашэўскага

Адпаведная скарга накіравана ў выбаркам Брэсцкай-Цэнтральнай выбарчай акругі №2 ад імя Генадзя Яцкевіча, які з’яўляецца кіраўніком ініцыятыўнай групы за вылучэнне кандыдатам у дэпутаты па гэтай акрузе Даніла Палянскага.

У сваёй скарзе Генадзь Яцкевіч паведамляе, што ўвечары 13 ліпеня разам з Данілам Палянскім збіраў подпісы ў інтэрнаце ААТ “Дываны Брэста”. У той самы час вахцёр інтэрната прапаноўвала паставіць подпіс за вылучэнне кандыдатам у дэпутаты Валянціна Мілашэўскага, які з’яўляецца дэпутатам Палаты прадстаўнікоў цяпершаняга склікання. Высветлілася, што каб падтрымаць гэтую кандыдатуру, не патрэбна прадстаўляць пашпарт, а сам падпісны ліст аформлены на сябра ініцыятыўнай групы Валянціна Мілашэўскага - Вольгу Клыбік, якой увогуле ў інтэрнаце ў гэты час не было.

Са словаў вахцёра вынікала, што сама яна не з’яўляецца сябрам ініцыятыўнай групы і проста выконвала просьбу Вольгі Клыбік, якая пакінула падпісныя лісты і прапаноўвала збіраць подпісы ў жыхароў інтэрната.

Як адзначае Генадзь Яцкевіч, у згаданым падпісным лісце ўжо былі пазначаны сем прозвішчаў людзей, што жывуць у інтэрнаце, а таксама грамадзянка Карэцкая - без пашпартных дадзеных, даты і подпісу. Пасля гэтай грамадзянкі апаведным чынам аформлены яшчэ тры чалавекі з усімі неабходнымі дадзенымі. Акрамя таго, пад №9 у падпісным лісце ёсць дата і подпіс, але невядома, каму ён належыць.

Падпісны ліст за вылучэнне Валянціна Мілашэўскага

Згаданы падпісны ліст быў забраны Генадзем Яцкевічам і далучаны да скаргі ў акруговую выбарчую камісію. Аўтар скаргі лічыць, што прыведзеныя факты сведчаць пра відавочнае парушэнне патрабаванняў Выбарчага кодэксу і іншых заканадаўчых актаў, што тычацца выбарчага працэсу.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары