Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Акруговая камісія ў Крычаве: факт збору подпісаў з выкарыстаннем адміністрацыйнага рэсурсу “не зусім пацвердзіўся”

15 ліпеня назіральнік ад БХК у акруговай выбарчай камісіі Крычаўскай выбарчай акругі №83 Сяргей Няроўны патэлефанаваў у камісію, каб даведацца пра вынікі праверкі інфармацыі аб тым, што ў ААТ “Крычаўцаменташыфер” подпісы за праўладных кандыдатаў збіраюць у працоўны час.

Назіральнік кажа, што член акруговай камісіі Вікторыя Сцебіхава, якая адказвала на яго тэлефонны званок, сказала, што яна не валодае патрэбнай інфармацыяй, але перадасць пытанне Няроўнага намесніку старшыні камісіі, начальніку арганізацыйна-кадравага аддзела Крычаўскага райвыканкама Міхаілу Мяшкуры, які яму абавязкова ператэлефануе.

У другой палове дня 15 ліпеня Міхаіл Мяшкура сапраўды патэлефанаваў назіральніку і паведаміў яму, што камісія даручыла разабрацца з сітуацыяй са зборам подпісаў на ААТ “Крычаўцаменташыфер” кіраўніку ініцыятыўнай групы па збору подпісаў за вылучэнне кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў старшыні Крычаўскага раённага Савета дэпутатаў Таццяны Марачковай. Згодна спадара Мяшкуры, “факты не зусім пацвердзіліся”, бо подпісы ў падтрымку кандыдата на ААТ “Крычаўцаменташыфер” сапраўды збіраліся,але, нібыта, не ў працоўны час і, нібыта, не на працоўных месцах, работнікі прадпрыемства ўсё не так зразумелі.

Таксама Міхаіл Мяшкура падзякаваў назіральніку за сігнал аб парушэннях, ну а Сяргей Няроўны паабяцаў намесніку старшыні акруговай камісіі абавязкова інфармаваць камісію аб усіх фактах парушэнняў выбарчага заканадаўства ў Крычаўскай выбарчай акрузе №83, якія стануць яму вядомымі.

Нагадаем, што да назіральніка звярнуліся працаўнікі ААТ “Крычаўцаменташыфер”. Яны паведамілі, што на прадпрыемстве ў працоўны час вядзецца збор подпісаў за праўладных прэтэндэнтаў у кандыдаты ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Адпаведнае распараджэнне на гэты конт, нібыта, аддала намеснік генеральнага дырэктара ААТ “Крычаўцаменташыфер” па ідэалогічнай працы, кадрах і сацыяльных пытаннях Жана Кустрэй. Рабочыя вымушаны падпісвацца, бо кожны баіцца згубіць працу, на прадпрыемстве адбываюцца пастаянныя скарачэнні.

Пасля атрымання гэтай інфармацыі Сяргей Няроўны 13 ліпеня патэлефанафаў у акруговую камісію Крычаўскай выбарчай акругі №83 і звярнуўся з просьбай разабрацца, за вылучэнне якіх прэтэндэнтаў у кандыдаты збіраюць подпісы ў ААТ “Крычаўцаменташыфер” у працоўны час. Сяргей Няроўны адзначае, што пасля тэлефанавання намесніка старшыні акруговай камісіі стала зразумела, што рабочыя прадаставілі дакладную інфармацыю, і на ААТ “Крычаўцаменташыфер” сапраўды збіралі подпісы за старшыню Крычаўскага райсавета Таццяну Марачкову. Тое, што гэта, нібыта, адбывалася не ў працоўны час і не на працоўных месцах, проста своеасаблівая “адмазка” з боку ўлады, бо подпісы ў падтрымку вылучэння кандыдатаў, згодна рашэння Крычаўскага райвыканкама, забаронена збіраць нават паблізу ад тэрыторыі ААТ “Крычаўцаменташыфер”.

Усяго ў Крычаўскай выбарчай акрузе №83 зарэгістравана 6 ініцыятыўных груп па вылучэнню кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў: следчага Магілёўскага міжрайаддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь Паўла Зініна, геолага “НДІ Белгіпрапалгаз” Генадзя Сугакова, майстра ААТ “Крычаўцаменташыфер” Юрыя Строцкага, галоўнага дзяржаўнага санітарнага ўрача Чэрыкаўскага раёна Людмілы Шматавай, старшыні Крычаўскага раённага Савета дэпутатаў, члена КПБ Таццяны Марачковай і сябра аргкамітэта па стварэнню партыі БХД з Магілёўскага раёна Таццяны Шамбалавай.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары