Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Выбаркам адмовіўся стварыць электронную скрыню для спрашчэння зваротаў грамадзянаў

Ілюстрацыя з сайта licviny.info
Ілюстрацыя з сайта licviny.info

12 ліпеня  пад час наведвання Жодзінскай акруговай выбарчай камісіі №64 незалежны назіральнік кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Аляксей Лапіцкі звярнуўся ў камісію з прапановай стварыць электронную паштовую скрыню, паведамляе сайт http://licviny.info.

Заяву прыняла і зарэгістравала дзяжурная ў памяшканні камісіі Таццяна Катуша.

Улічваючы размытасць тэрыторыі Жодзінскай выбарчай акругі №64, назіральнік прапанаваў выбарчай камісіі стварыць уласную электронную паштовую скрыню для спрашчэння і паскарэння камунікацыі з любымі суб’ектамі выбарчага працэсу.

30% выбарчых участкаў акруговай камісіі раскіданыя па сельскай тэрыторыі Смалявіцкага і Барысаўскага раёнаў. І гэта значна ўскладняе магчымасць сваечасовай падачы заяў і скаргаў з рэгіёнаў, бо ў рэгіёне не зроблена зручных транспартных камунікацый з Жодзіна. Стварэнне ж электроннага адрасу ў такіх умовах вырашыла б праблему сваечасовасці і тэрміновасці зваротаў з розных па аддаленасці ад Жодзінскага выбаркаму населеных пунктаў.

У выніку ўжо 13 ліпеня Алесь Лапіцкі атрымаў адмоўны адказ на свой зварот. Пры гэтым важна адзначыць, што ліст прыйшоў не праз паштовае аддзяленне сувязі, паколькі на капэрце няма паштовых штампаў, а таксама пазначаны няправільны адрас атрымальніка.

“Якім чынам падобны адказ Жодзінскай АВК №64 мог бы сваечасова і дакладна трапіць да належнага адрасата, калі б заяўнік, напрыклад, пражываў па-за межамі Жодзіна і не з'яўляўся вядомай для кіраўніцтва Жодзінскай АВК асобаю?” – задаецца пытаннем назіральнік.

У адказе акруговай камісіі было пазначана, што “праца камісіі вядзецца ў адпаведнасці з усімі патрабаваннямі Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь”, а грамадзяне могуць звяртацца да сябраў камісіі ў кабінеце №118 са зваротамі ў працоўныя дні з 10 да 19 гадзін і ў суботу з 10 да 14 гадзін.

Алесь Лапіцкі падкрэслівае, што афіцыйная матывацыя адмовы стварэння электроннай скрыні выбарчай камісіі не ўлічвае існуючую няроўнасць камунікацыйных магчымасцяў для ўсіх выбарчых суб’ектаў на Жодзінская выбарчай акрузе №64.

“Пры наяўнасьці памылак, яскрава прадэманстраваных Жодзінскай камісіяй у сваім жа “паштовым адпраўленьні” на разглядаемы зварот, тэрміновасць адказаў на заявы грамадзянаў (у тым ліку і вусныя) для ўсіх тых, хто пражывае па-за межамі горада - знаходзіцца пад вялікім пытаннем. А гэта і стварае рэальныя пагрозы невыканання патрабаванняў Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь”, - адзначае назіральнік.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"


Каментары