Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Замест адкрытых паседжанняў акруговая камісія Барысаўскай сельскай выбарчай акругі практыкуе “інструкцыйныя нарады”

Праваабаронца Алег Мацкевіч
Праваабаронца Алег Мацкевіч

Назіральнік пры акруговай камісіі Барысаўскай сельскай выбарчай акругі № 63 Алег Мацкевіч атрымаў адказ на свой зварот, у якім ён прапаноўваў забяспечыць празрыстасць калегіяльнай працы камісіі пры вырашэнні ўсіх пытанняў, звязаных з выбарчым працэсам, на паседжаннях камісіі з удзелам назіральнікаў.

Падставай для звароту паслужыў выпадак, калі пасля чарговага паседжання акруговай выбарчай камісіі старшыня паведаміў аб яго сканчэнні, але пры гэтым папрасіў сябраў камісіі застацца для разгляду “арганізацыйных пытанняў”.

Старшыня акруговай камісіі П. В. Навіцкі ў адказе на зварот Алега Мацкевіча напісаў, што “5 ліпеня 2016 года на паседжанні акруговай камісіі пытанні, запланаваныя для разгляду, былі разгледжаны ў поўным аб’ёме і пры назіральніках, акрэдытаваных на момант правядзення паседжання. Згодна практычнаму дапаможніку, зацверджанаму пастановай Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў, старшыня акруговай камісіі ажыццяўляе агульнае кіраўніцтва дзейнасцю камісіі і ў праве вызначаць форму працы камісіі. Выходзячы з вышэйпададзенага, інструкцыйная нарада, праведзеная пасля паседжання камісіі, не з’яўляецца парушэннем артыкулу 13 Выбарчага кодэксу Рэспублікі Беларусь у частцы незабеспячэння адкрытасці і галоснасці пры падрыхтоўцы і правядзенні выбараў”.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары