Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Акруговая камісія з Вольгай Кавальковай правялі размову, а Марыне Хоміч перашкаджалі збіраць подпісы

Пасля таго, як на лідарку Хрысціянска-дэмакратычнага руху паступіла скарга у акруговую камісію за выкарыстанне бел-чырвона-белага сцягу з сіняй зоркай на пікетах, 13 ліпеня Вольга Кавалькова наведала Дамброўскую камісію №103, каб разабрацца ў сітуацыі.

Як высветлілася, ніякіх прэтэнзій камісія да патэнцыйнай кандыдаткі ў дэпутаты не мае, але са свайго боку павінна рэагаваць на скаргі, якія паступаюць. На Вольгу Кавалькову паскардзіліся за выкарыстанне незарэгістраванай сімволікі, а таксама з-за відэазапісу, на якім адказны сакратар БХД Дзяніс Садоўскі на пікеце кажа пра ўжо прызначаных дэпутатаў і фальсіфікацыю выбараў у краіне.

Размова скончылася тлумачэннямі з боку Вольгі Кавальковай, і запісам аб “правядзенні тлумачальнай гутаркі пра недапушчальнасць дыскрэдытацыі выбараў у Рэспубліцы Беларусь і выканання правілаў афармлення пікетаў пры агітацыі” з боку намесніцы старшыні акруговай камісіі.

Амаль у той жа час сябра камісіі па Кальварыйскай акрузе №104 Расціслаў Каліноўскі разам са сваёй калегай 15 хвілін перашкаджалі лідару Маладых хрысціянскіх дэмакратаў Марыне Хоміч збіраць подпісы мінчукоў у сваю падтрымку каля станцыі метро “Пушкінская”.

Лідар Маладых хрысціянскіх дэмакратаў Марына Хоміч

Падставай для гэтага стала нібыта скарга на раздачу агітацыйных матэрыяла ў падтрымку вылучэнкі, паведамляе афіцыйны сайт аргкамітэта партыі Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя.

Аднак у прадстаўнікоў камісіі не было ніводнага экземпляра такіх матэрыялаў, што не стала перашкодай для іх патрабаваць тлумачэнняў ад Марыны Хоміч. Цікава, што ўсю сітуацыю здымалі на відэа супрацоўнікі ў цывільным, чым аказвалі ціск на сябраў ініцыятыўнай групы вылучэнкі ў кандыдаты.

Пасля спробы выклікаць міліцыю, супрацоўнік у цывільным уцёк з пікету.

Сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі заявіў, што “гульні ў свабодныя выбары ў Беларусі скончваюцца”.

“Паўтараецца сітуацыя 2012 года, калі прамоўцам БХД не давалі спакойна працаваць, калі ўвесь час вядзецца відэазапіс, калі сябры акружной камісіі аказваюць ціск, калі абражаюць сябраў ініцыятыўнай групы. Называць такія выбары свабоднымі і дэмакратычнымі не даводзіцца, бо пад такім прэсінгам даводзіцца працаваць прамоўцаў ад Правацэнтрысцкіх сілаў”, - сказаў ён.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"


Каментары