Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

За выкарыстанне нацыянальнай сімволікі на пікеце Вольгу Кавалькову выклікаюць у акруговую камісію

Лідара Хрысціянска-дэмакратычнага руху Вольгу Кавалькову, вылучаную па Дамброўскай № 103 выбарчай акрузе ў Мінску, выклікаюць у акруговую камісію за выкарыстанне на пікетах бел-чырвона-белага сцяга з сіняй зоркай. Пра гэта паведамляе афіцыйны сайт аргкамітэта партыі Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя.

Скаргі на дзеянні актывісткі паступілі пасля таго, як 11 ліпеня на пікет да Вольгі Кавальковай прыйшоў праўладны кандыдат, які быў вельмі засмучаным актыўнасцю хрысціянскіх дэмакратаў і тым, што да іх, у адрозненне ад пікету “Белай Русі”, увесь час падыходзілі людзі.

“Гэтыя скаргі я расцэньваю як палітычны ціск. На маіх пікетах заўсёды выкарыстоўваюць бел-чырвона-белы сцяг з сіняй зоркай. І гэта маё права афармляць пікеты так, як я лічу патрэбным. Гэта нідзе не рэгламентавана. Таму скарга супрацьзаконная. Гэта відавочная спроба расчысціць дарогу для ўжо прызначанага ўладамі дэпутата, бо актыўнасць на маіх пікетах у разы большая, чым у яго. Зайздросціце моўчкі!” – заявіла Вольга Кавалькова.

Сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі адзначыў:

"Вольга Кавалькова – адна з самых моцных прамоўцаў Беларускай хрысціянскай дэмакратыі. Сцягі выкарыстоўваюцца не толькі прадстаўнікамі БХД, але і іншымі. І як незарэгістраваны нідзе бел-чырвона-белы сцяг, так і незарэгістраваны бел-чырвона-белы сцяг з зоркай БХД. І тое, што ціснуць на Вольгу Кавалькову, мы расцэньваем як факт палітычнага пераследу і жаданне зняць аднаго з самых моцных прамоўцаў БХД. Мы будзем абскарджваць гэтыя скаргі”.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"


Каментары