Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Прэтэндэнтка ў кандыдаты з Віцебска: “Большасць людзей дэманструе поўную абыякавасць да выбарчай кампаніі” (фота з пікета)

Віцебск. Збор подпісаў за Ірыну Яскевіч
Віцебск. Збор подпісаў за Ірыну Яскевіч

Многія віцябляне нават не ведаюць, што ў краіне неўзабаве пройдуць выбары. Да такіх высноваў прыйшлі ўдзельнікі пікету  па зборы подпісаў за вылучэнне ў кандыдаты прадпрымальніцы Ірыны Яскевіч. За чатыры гадзіны на пікеце было сабрана каля 60-ці подпісаў.

Пікет праходзіў каля гандлёвага цэнтру “Эвіком”, дзе Ірыну Яскевіч ведаюць як лідэра прадпрымальніцкага руху. Таксама яна з’яўляецца сябрам АГП, і з віцебсімі мінакамі ўдзельнікі пікету гатовы былі абмеркаваць не толькі выбары, але і партыйную праграму “Мільён працоўных месцаў”, якая прапануе шэраг эканамічных рэформаў.

Віцебск. Збор подпісаў за Ірыну Яскевіч

“Аднак размаўляць з намі мінакі не імкнуліся, хутчэй наадварот – большасць людзей абыходзіла пікет, апасліва паглядаючы збоку, -- кажа Ірына Яскевіч. – Было  пару агрэсіўных выпадаў у бок “апазіцыі”,  было і некалькі канструктыўных размоваў з аргументацыяй “за” або “супраць” пераменаў у краіне. Некаторыя мінакі дагэтуль не ведаюць, што паставіць подпіс за вылучэнне кандыдата можна некалькі разоў, і што “прагаласаваць” і “падпісацца з вылучэнне” – гэта розныя рэчы. Аднак большасць людзей дэманструе поўную абыякавасць да выбарчай кампаніі. Людзі знявераныя, яны нікому не давяраюць і перакананыя, што “усё адно выберуць тых, каго патрэбна”. Хто-ніхто нават баіцца падыйсці, каб пра нешта спытацца – да такой ступені іх “замбіруе” беларускае тэлебачанне і дзяржаўныя СМІ, што нават наблізіцца да прадстаўніка “апазіцыі” яны лічаць небяспечным. Збіраць подпісы “па кватэрах” аказалася прасцей: сам-насам са зборшчыкам людзі пачуваюцца ў большай бяспецы, і больш адкрыта кажуць пра неабходнасць пераменаў”. 

Віцебск. Збор подпісаў за Ірыну Яскевіч

Пакуль у Віцебску выключна дэмакратычныя актывісты выходзяць на пікеты па зборы подпісаў. І гэтую з’яву дзяржаўныя СМІ асвятляць не спяшаюцца. Так, у абласной газеце “Витебские вести» была надрукавана толькі агульная інфармацыя пра тое, што “збор подпісаў па вылучэнні ў кандыдаты стартаваў”.  У гарадской газеце «Витьбичи» таксама няма мясцовай інфармацыі пра тое, як праходзяць пікеты па зборы подпісаў – толькі агульныя звесткі пра арганізацыю выбараў, якія газета ўжо загадзя назвала “працэсам дэмакратычным і свабодным”. Прычым нідзе не тлумачыцца, што грамадзянін мае права  паставіць подпісы за вылучэнне некалькіх кандыдатаў, толькі паведамляецца пра тэрміны збору і колькасць кандыдатаў.

Адсутнасць мясцовай інфармацыі пра хаду выбарчай кампаніі і з’яўляецца прычынай таго, што віцябляне ўспрымаюць выбары як нешта далёкае і не датычнае іхнага жыцця, лічаць віцебскія дэмакратычныя актывісты.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары