Гомельшчына, Магілёўшчына, Слуцк, Салігорск: “канкурэнтнасць” на розных акругах розная
Гомельшчына: прэтэндэнтка зарэгістравала 5 ініцыятыўных груп, у дэпутаты ідзе журналіст – “рэкардсмен па штрафах”
Па розных выбарчых акругах Гомельскай вобласці зарэгістраваны ініцыятыўныя групы па вылучэнню кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў жыхаркі вёскі Карповічы Светлагорскага раёна, ІП, беспартыйнай, 1960 года нараджэння Тамары Кавальчук. Так, яе ініцыятыўная група зарэгістравана па Светлагорскай акрузе №46, Гомельскай-Навабеліцкай акрузе №36, Гомельскай-Савецкай №34, Гомельскай-Прамысловай №35, Гомельскай-Сельскай №37. У вёсцы Карповічы мясцовыя жыхары сцвярджаюць, што Тамара Кавальчук сапраўды мае там дом, але стала не жыве, бывае там час ад часу. Па версіі мясцовых жыхароў, жанчына жыве ці ў ЗША, ці ў Мінску, ці ў Гомелі. Інтэрнэт падае інфармацыю, што Тамара Кавальчук ўзначальвае міжнародны фонд «Апалон-Саюз».
Разам з тым, па Светлагорскай акрузе №46 зарэгістраваны ініцыятыўныя групы па вылучэнню кандыдатамі ў ПП НС Анатоля Змітровіча (аднаго з лідараў прадпрымальніцкага руху), Эдуарда Саранчука, Галіны Філіповіч (дзейснага дэпутата ПП НС), Тамары Кавальчук, Юрыя Ляшэнкі (грамадскага актывіста).
Па Рагачоўскай акрузе зарэгістраваны пяць ініцыятыўных груп: у падтрымку дзейснага дэпутата ПП НС Уладзіслава Шчэпава, працаўніка БМЗ Сяргея Усава, жыхара Рагачова Мікалая Камароўскага, Дзяніса Дашкевіча, Уладзіміра Літоўчанкі.
Па Буда-Кашалёўскай акрузе пакуль вядома інфармацыя аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы ў падтрымку вылучэння кандыдатам у дэпутаты Мікалая Васількова – начальніка ўпраўлення аховы здароўя Гомельскага аблвыканкаму.
Па Жыткавіцкай акрузе падаецца інфармацыя аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы па вылучэнню Ірыны Кралевіч (член Савета Рэспублікі).
Па Палескай акрузе №43 маюць намер балатавацца, зарэгістраваўшы ініцыятыўныя групы Мікалай Чэчка (АГП), старшыня Ельскага райвыканкаму Леанід Пісанік, кіраўнік фермерскай гаспадаркі Дзяніс Філько, сябра ЛДПБ Дзяніс Ілюкевіч.
Па Гомельскай-Навабеліцкай акрузе №36 зарэгістраваны ініцыятыўныя групы па вылучэнню кандыдатамі журналіста-фрылансера Кастуся Жукоўскага, той жа Тамары Кавальчук, дзейснага дэпутата парламенту Алены Астапюк, сябра КПБ Мікалая Шкірэева, сябра «Справядлівага свету» Віктара Хоміча.
Усяго па Гомельскай вобласці зарэгістраваны 37 ініцыятыўных груп па вылучэнню кандыдатамі ў ПП НС на 17 акругаў.
Акруговыя камісіі на Магілёўшчыне адмовілі ў рэгістрацыі адной ініцыятыўнай групе
У Магілёўскай вобласці акруговымі выбарчымі камісіямі зарэгістравана 61 ініцыятыўная група па зборы подпісаў для вылучэння кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Усяго ў вобласці былі пададзены 62 камплекты дакументаў для рэгістрацыі ініцыятыўных груп.
Адной ініцыятыўнай групе было адмоўлена ў рэгістрацыі, бо колькасць сяброў ініцыятыўнай групы склала менш за 10 чалавек, распавядаецца на сайце Магілёўскага аблвыканкама са спасылкай на аблвыбаркам.
Найбольшая колькасць груп зарэгістравана акруговымі камісіямі Бабруйскай-Ленінскай №78, Крычаўскай №83, Магілёўскай-Цэнтральнай №85, Магілёўскай-Кастрычніцкай №86 акруг - па 7 ініцыятыўных груп. Найменшая - камісіямі Быхаўскай №81, Магілёўскай сельскай №88 і Асіповіцкай №89 акруг - па 3 групы.
Як паведамляе сайт аблвыканкама, 72,6% асоб, якія вылучаюцца кандыдатамі ў дэпутаты праз збор подпісаў, з'яўляюцца беспартыйнымі. Сярод палітычных партый 11,3% складаюць сябры Аб'яднанай грамадзянскай партыі, 6,5% - Камуністычнай партыі Беларусі, 3,2% - Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці, а таксама па 1,6% - сябры Беларускай партыі левых "Справядлівы свет", Ліберальна -дэмакратычнай партыі, Партыі БНФ.
На Случчыне і Салігоршчыне зарэгістравалі ўсе ініцыятыўныя групы
Рэгістрацыя ініцыятыўных груп па зборы подпісаў выбаршчыкаў па абедзвюх салігорскіх і слуцкай выбарчых акругах мела досыць дэмакратычны характар. Нікому з патэнцыйных кандыдатаў у рэгістрацыі адмоўлена не было.
Па дзьве ініцыятыўныя групы было зарэгістравана ў Салігорскай гарадской выбарчай акрузе №68 і Салігорскай сельскай выбарчай акрузе №69. Зрэшты, свае ініцыятыўныя групы па зборы подпісаў выбаршчыкаў тут рэгістравалі толькі стаўленікі ўлады і іх спарынг-партнёры. Па гарадской акрузе асноўным кандыдатам ад уладаў выступае намеснік генеральнага дырэктара ААТ “Беларуськалій” па камерцыйных пытаннях Андрэй Рыбак. Ствараць для яго ўяўную альтэрнатыву ў выпадку адсутнасці апазіцыйных кандыдатаў будзе намесніца дырэктара ААТ “Купалінка” па ідэалагічнай працы Ілона Гражынская, ініцыятыўная група якой была зарэгістравана толькі 11-га ліпеня. Па Салігорскай сельскай выбарчай акрузе ўлады, відавочна, зрабілі стаўку на дырэктарку Салігорскага раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Юлію Мурыну. Былая першая сакратарка салігорскага аддзялення БРСМ ужо даўно з’яўляецца для ўладаў правераным кадрам і ніякіх праблем з рэгістрацыяй ініцыятыўнай групы не мела. Не меў праблем з рэгістрацыяй сваёй ініцыятыўнай групы і Андрэй Драбеня, мала вядомы ў грамадска-палітычным жыцці рэгіёна дырэктар дзіцяча-юнацкай школы па плаванні, які, на думку мясцовых назіральнікаў, выступае ў якасці спарынг-партнёра для спадарыні Мурыной. Апазіцыйныя ж кандыдаты на Салігоршчыне вырашылі сёлета праігнараваць этап збору подпісаў і плануюць рэгістраваць свае кандыдатуры праз працэдуру вылучэння палітычнымі партыямі.
Куды большую актыўнасць ўжо на этапе рэгістрацыі ініцыятыўных групаў праявілі патэнцыйныя кандыдаты па Слуцкай выбарчай акрузе. Тут барацьбу за подпісы выбаршчыкаў будуць весьці ажно шэсць прэтэндэнтаў на званне кандыдата ў дэпутаты, чатыры з якіх прадстаўляюць дэмакратычны лагер. Нягледзячы на асобныя перашкоды з боку ўладаў і прыцягненне да вырашэння пытання ЦВК, першай зарэгістраваць сваю ініцыятыўную групу здолела прадстаўніца Руху “За свабоду” Аліна Нагорная. Другой пасведчанні аб рэгістрацыі ініцыятыўнай гурпы па зборы подпісаў выбаршчыкаў атрымала прадстаўніца партыі БНФ Кацярына Шуст. Зарэгістраваў сваю ініцыятыўную групу і 22-гадовы студэнт са Слуцкага раёна Арцём Маліноўскі, які падчас гутаркі з мясцовым прадстаўніком БХК адкрыта прызнаў, што ўдзельнічае ў выбарчай кампаніі на баку ўладаў. Зрэшты, у якасці спарынг-партнёра для асноўнага кандыдата ад улады выступіць Дзьмітры Дарган. Дырэктар слуцкага філіяла камунальнага прадпрыемства “Мінаблаўтадар” таксама зарэгістраваў сваю ініцыятыўную групу па зборы подпісаў выбаршчыкаў. Асноўным жа кандыдатам уладаў бачыцца Валянціна Ражанец, рэдактарка мясцовай выканкамаўскай раёнкі “Слуцкі край”. Спадарыня Ражанец збіраецца вылучацца шляхам збору подпісаў, дзеля чаго таксама зарэгістравала ініцыятыўную групу. У апошні вагон рэгістрацыі ініцтыятыўных групаў па Слуцкай выбарчай акрузе ўскочыў і прадстаўнік Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Аляксандр Шыловіч, паседжанне акруговага выбаркаму па рэгістрацыі ініцыятыўнай групы якога адбылося 11-га ліпеня.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”