Салігорскі і Слуцкі райвыканкамы палепшылі ўмовы для збору подпісаў
Пасля крытыкі ў незалежных меыдях Салігорскі і Слуцкі райвыканкам палепшылі ўмовы для правядзення пікетаў па зборы подпісаў выбаршчыкаў.
Салігорскі райвыкам адмяніў сваё папярэдняе рашэнне аб забароненых для збору подпісаў месцах і апублікаваў новае, значна больш ліберальнае рашэнне. Акрамя скарачэння спісу забаронаў у новым рашэнні была ўлічна крытыка мясцовых праваабаронцаў, якія звярталі ўвагу на адсутнасць адназначна ідэнтыфікуемага пераліку месцаў і тэрыторый канкрэтных арганізацый, што забяспечваюць вышэйадзанчаную абараназдольнасць і бяспеку дзяржавы на Салігоршчыне, што стварала небяспеку ўзнікнення парушэнняў і канфліктных сітуацый пры зборы подпісаў ініцыятыўнымі групамі кандыдатаў.
Сваім новым рашэннем Салігорскі райвыканкам адмяніў забарону на збор подпісаў каля помнікаў архітэктуры, гісторыі і культуры. Знікла са спісу і абсурдная забарона на збор подпісаў на пешаходных пераходах і з’явілася ўдакладненне аб’ектаў чыгуначнага і аўтамабільнага траснапарту - вакзал, станцыі, пасадачныя платформы. Забарона на збор подпісаў на тэрыторыях Салігорскага раёну, што ўваходзяць у 50-метровую зону ад будынкаў мясцовых прадстаўнічых, выканаўчых і распарадчых органаў улады, суда, органаў пракуратуры, установаў аховы здароўя ды тэрыторый арганізацый, якія забяспечваюць абароназдольнасць і бяспеку дзяржавы, была абмежавана досыць канкрэтным і значна меншым спісам месцаў. Цяпер у гэтую “мёртвую” зону ўваходзяць толькі будынкі Салігорскага райвыканкаму, суда і пракуратуры Салігорскага раёна, 7-й асобнай патрульнай роты вайсковай часткі 3310 Міністэрства ўнутраных спраў, аддзела ўнутраных спраў Салігорскага райвыканкаму. Акрамя таго ў новым рашэнне адсутнічае распараджэнне мясцоваму начальніку міліцыі “прыняць меры па недапушчэнню правядзення пікетавання з мэтай збору подпісаў выбаршчыкаў па вылучэнні кандыдатаў у дэпутаты” у забароненых месцах, на куды больш адэкватнае “забяспечыць ахову грамадскага парадку падчас збору подпісаў”.
Ліберальныя змены ў сваё рашэнне аб месцах, забароненых для правядзення пікетаў па зборы подпісаў выбаршчыкаў, унёс і Слуцкі райвыканкам. Сваім новым рашэннем слуцкія чыноўнікі дазволілі збор подпісаў каля будынкаў сельскіх выканкамаў, а забарону на збор подпісаў каля ўстановаў аховы здароўя Слуцкага раёна пакінулі ў моцы толькі для Слуцкай цэнтральнай раённай бальніцы.
Мясцовыя прадстаўнікі кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" віталі такія змены, але ўсё ж такі выказалі незадаволенасць тым фактам, што забарона на збор подпісаў выбаршчыкаў на цэнтральных плошчах Салігорска і Слуцка па-ранейшаму застаецца актуальнай.