У Брэсцкай вобласці акруговыя выбаркамы адмовілі ў стварэнні адной ініцыятыўнай групы, яшчэ адзін вылучэнец сам адклікаў сваю заяву
Такім чынам у рэгіёне зарэгістравана 57 ініцыятыўных груп грамадзян па зборы подпісаў па вылучэнні кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.
Найбольшая колькасць такіх груп створана ў Брэсцкай-Заходняй выбарчай акрузе №1 і Баранавіцкай-Усходняй акрузе №6 (у кожнай з іх зарэгістравана па 7 груп), а таксама ў Брэсцкай-Усходняй акрузе №3 і Баранавіцкай-Заходняй акрузе №5 (па 6 груп). Усяго адна ініцыятыўная група існуе ў Баранавіцкай сельскай акрузе №7. У астатніх акругах у сярэднім пададзена па 2-3 заявы.
З агульнай колькасці зарэгістраваных ініцыятыўных груп большасць патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты (29 чалавек) з'яўляюцца прадстаўнікамі палітычных партый, усе заяўкі якіх былі задаволены выбаркамамі. У прыватнасці, 12 чалавек прадстаўляюць Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю (Грамада), 6 - Беларускую партыю левых “Справядлівы свет”, 5 - Аб'яднаную грамадзянскую партыю, 3 - Партыю БНФ, па адным - Беларускую патрыятычную партыю, Ліберальна-дэмакратычную партыю і Рэспубліканскую партыю працы і справядлівасці.