У сельскіх выбарчых акругах Магілёўшчыны заўважна большы “конкурс”, чым на мінулых выбарах
Даволі актыўна, у параўнанні з мінулымі парламенцкімі выбарамі, пачалася выбарчая кампанія ў сельскіх выбарчых акругах Магілёўскай вобласці па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў у 2016 годзе. Практычна ва ўсіх сельскіх выбарчых акругах Магілёўшчыны зарэгістравана больш ініцыятыўных груп па збору подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты.
Па тры ініцыятыўныя групы выбаршчыкаў зарэгістраваныя ў Быхаўскай выбарчай акрузе №81, Магілёўскай сельскай выбарчай акрузе №88, Асіповіцкай выбарчай акрузе №89.
Па чатыры ініцыятыўныя групы будуць збіраць подпісы выбаршчыкаў у Бабруйскай сельскай выбарчай акрузе №80 і Шклоўскай выбарчай акрузе №90.
Пяць ініцыятыўных груп за вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты зарэгістравана ў Горацкай выбарчай акрузе №82.
“Рэкардсменам” па колькасці жадаючых вылучыцца шляхам збору подпісаў выбаршчыкаў сярод сельскіх выбарчых акруг Магілёўшчыны стала Крычаўская выбарчая акруга №83. Тут дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўных груп у акруговую камісію падалі аж 7 прэтэндэнтаў у кандыдаты. Выбарчая камісія зарэгістравала ініцыятыўныя групы па вылучэнню ў кандыдаты следчага Магілёўскага міжрайаддзела Следчага камітэта Паўла Зініна, геолага “НДІ Белгіпрапалгаз” Генадзя Сугакова, майстра ААТ “Крычаўцаменташыфер” Юрыя Строцкага, галоўнага дзяржаўнага санітарнага ўрача Чэрыкаўскага раёна Людмілы Шматавай, старшыні Крычаўскага раённага Савета дэпутатаў, члена КПБ Таццяны Марачковай і сябра аргкамітэта па стварэнню партыі БХД з Магілёўскага раёна Таццяны Шамбалавай.
Яшчэ адной ініцыятыўнай групе па вылучэнню кандыдатам у дэпутаты Уладзіміра Ушакова акруговая выбарчая камісія Крычаўскай выбарчай акругі №83 адмовіла ў рэгістрацыі на падставе артыкула 65 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Па інфармацыі назіральніка БХК у акруговай камісіі Сяргея Няроўнага, пенсіянер Уладзімір Ушакоў з’яўляецца членам Камуністычнай партыі Беларусі, аднак даволі крытычна ставіцца да мясцовай улады. Зарэгістраваць сваю ініцыятыўную групу Уладзімір Фёдаравіч спрабаваў самастойна, без падтрымкі таварышаў па партыі.
Учора ў Крычаве з’явіўся і першы пікет па збору подпісаў за вылучэнне кандыдатам у дэпутаты старшыні Крычаўскага райсавета камуністкі Таццяны Марачковай. Па інфармацыі мясцовых актывістаў, вялікага жадання падпісацца за вылучэнне чыноўніцы крычаўляне не выказвалі, нейкай значнай актыўнасці каля пікету не назіралася.
Неабходна адзначыць, што бліжэйшым часам колькасць прэтэндэнтаў у кандыдаты ў сельскіх выбарчых акругах Магілёўшчыны яшчэ значна паболее. Пра свой намер вылучыцца кандыдатамі ў некаторых з гэтых акруг шляхам партыйнага вылучэння ўжо заявілі прадстаўнікі Партыі БНФ, БСДП (Г), АГП і ЛДПБ.