Лідэр АГП дапамагаў збіраць подпісы на пікеце сябру партыі з Бярозы (фота)
У Бярозе прайшоў чарговы пікет па зборы подпісаў за вылучэнне кандыдатам на выбарах у Палату прадстаўнікоў Аляксандра Кабанава. Падтрымаць Кабанава прыехаў лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька і сябра гэтай партыі з Баранавічаў Мікола Чарнавус.
Пікет праходзіў у найбольш шматлюдным месцы ў Бярозе –каля крамы Еўраопт. Адзначана, што бярозаўчане больш ахвотна падыходзяць да пікетоўцаў, каб паставіць подпісы, чым гэта было ў Баранавічах і Івацэвічах. Пікетаўцам не стваралася перашкодаў, людзі падыходзілі, дыскутавалі, задавалі пытанні Анатолю Лябедзьку і Аляксандру Кабанаву.
За тыдзень каманда Аляксандра Кабанава сабрала паўтысячы подпісаў.