Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

У Магілёве пакуль няма адмоваў у рэгістрацыі ініцыятыўных груп

Акруговыя камісіі ў Магілёве рэгіструюць усе заяўленыя ініцыятыўныя групы па зборы подпісаў для вылучэння кандыдатаў у дэпутаты, адзначаюць назіральнікі.

"Адмоў у рэгістрацыі ініцыятыўных груп не было. Адзінае - у прэтэндэнта Анатоля Аношкіна па акрузе № 86 у аднаго з сябраў ініцыятыўнай групы быў пазначаны 2014 год як год нараджэння. І гэты адзін сябра ініцыятыўнай групы не быў зарэгістраваны. Усе астатнія былі зарэгістраваны без праблем", - распавёў назіральнік у акруговых камісіях 85 і 86 выбарчых акругх ад Магілёўскага праваабарончага цэнтру Аляксандр Буракоў.

"Не было ніводнага выпадку адмовы ў рэгістрацыі ініцыятыўных груп. Яны рэгіструюць усіх, каб была яўка, бо баяцца, што яе можа не быць", - распавёў назіральнік у 84 і 88 акруговых выбарчых камісіях ад Беларускага Хельсінкскага камітэта Уладзімір Краўчанка.

Рэгістрацыя ініцыятыўных груп заканчваецца 12 ліпеня. На 19.00 7 ліпеня, калі скончыўся час падачы спісаў сябраў ініцыятыўных груп на рэгістрацыю, у Магілёўскай вобласці было пададзена 62 пакеты дакументаў. У Магілёве найбольшая колькасць, як паведамляе сайт аблвыканкама, па сем пакетаў дакументаў - па Магілёўскай-Цэнтральнай № 85 і Магілёўскай-Кастрычніцкай № 86 выбарчых акругах. У Магілёўскай сельскай № 88 усяго тры, што ёсць адной з найменшых колькасцяў у вобласці.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары