Брэст: пікеты па зборы подпісаў праходзяць ажыўлена (фота)
Больш за пяцьдзесят подпісаў за паўтары гадзіны было сабрана сябрамі ініцыятыўнай групы ў падтрымку прэтэндэнта па Брэсцкай-Усходняй акрузе №3 Ганны Канюс, старшыні Брэсцкай гарадской арганізацыі БСДП.
Чарговы пікет па зборы подпісаў актывісты Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) правялі на брэсцкім рынку “Лагуна”, які знаходзіцца ў мікрараёне Кавалёва. Як паведаміла Ганна Канюс, жыхары горада лічаць, што цяперашнія дэпутаты Палаты прадстаўнікоў не выконваюць ускладзеныя на іх абавязкі наконт заканадаўчай ініцыятывы і нават прозвішчаў гэтых дэпутатаў мала хто памятае.
“Пікет адбываўся даволі ажыўлена: жыхары мікрараёна падыходзілі, цікавіліся, задавалі свае пытанні, дзяліліся меркаваннем пра нацыянальныя і агульнагарадскія праблемы”, - кажа Ганна Канюс, якая падзякавала ўсім, хто паставіў подпіс за вылучэнне, выказаў падтрымку і даў свае парады ў выпадку абрання дэпутатам. Брэсцкія сацыял-дэмакраты маюць намер працягнуць збор подпісаў як у пікетах, так і па кватэрах мясцовых жыхароў да пачатку жніўня.