Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Навагрудак: ініцыятыўная група Вадзіма Левана ўжо здала на праверку 1000 подпісаў

Вадзім Леван. Навагрудак
Вадзім Леван. Навагрудак

Ініцыятыўная група 28-гадовага фермера з Навагрудка Вадзіма Левана (Рух “За свабоду”) ужо здала на праверку 1000 подпісаў. Пра гэта “Праваабаронцам за свабодныя выбары” паведаміў сам прэтэндэнт у кандыдаты. Па яго словах, на 16 гадзін 10 ліпеня яго ініцыятыўная група ўжо сабрала больш за 1100 подпісаў.

Ініцыятыўная група Вадзіма Левана складаецца з 25 чалавек, сярэдні ўзрост якіх 25 гадоў. Па словах Вадзіма, свае подпісы людзі ставяць даволі актыўна. “Мы падрыхтавалі для выбаршчыкаў сваю народную праграму, праграму рэформаў. Людзі з ёю знаёмяцца і кажуць: о, добрая праграма, можа хоць што зменіцца да лепшага!  А калі яшчэ даведваюцца, што я фермер і маю траіх дзяцей – подпісы ставяць адразу”.

Пакуль ініцыятыўная група Вадзіма Левана збірае подпісы па кватэрах, але ў бліжэйшыя дні намерана наладзіць пікеты па ўсёй тэрыторыі Наваградскай выбарчай акругі № 57, па якой будзе ён балатавацца, а гэта Наваградскі, Карэліцкі раёны і частка Лідскага. Наваградская акруга налічвае 57408 выбаршчыкаў.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары