Падтрымаць збор подпісаў за аднапартыйца ў Жыровічы прыязджаў Віталь Рымашэўскі (фота)
У нядзелю, 10 ліпеня, у цэнтры вёскі Жыровічы Слонімскага раёна каля славутага Успенскага сабора з’явіўся першы пікет па зборы подпісаў у падтрымку вылучэнца ад БХД слонімца Алеся Масюка.
Падчас пікету да сяброў ініцыятыўнай групы падыходзілі мясцовыя жыхары, святары, а таксама тыя, хто прыехаў у Жыровічы з іншых рэгіёнаў Беларусі. Адны з іх ставілі свае подпісы, іншыя падыходзілі, каб проста пагутарыць. І прытым гутаркі людзі распачыналі першыя. Людзі выказвалі незадаволенасць жыццём, адносінамі чыноўнікаў.
Адначасова са зборам подпісаў сябры ініцыятыўнай групы Алеся Масюка збіралі подпісы і супраць абортаў у Беларусі.
Падыходзіў да пікетоўшчыкаў і адзін з ахоўнікаў Жыровіцкага манастыра, які сказаў, што калі ім загадаюць прагнаць пікетоўшчыкаў, то яны гэта будуць вымушаны зрабіць. Праўда, ніхто нічога не загадваў, і усё абыйшлося спакойна.
Падтрымаць пікетоўшчыкаў па зборы подпісаў у падтрымку вылучэнца ад БХД слонімца Алеся Масюка прыязджаў з Мінску і сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі.